Толькі ў трох раёнах Беларусі можна свабодна наведваць лясы
- 29.05.2024, 14:55
У кожным раёне выкарыстоўваюцца свае меры абмежавальнага характару.
Толькі ў Койданаўскім, Менскім і Смалявіцкім раёнах Менскай вобласці можна свабодна наведваць лясы, сведчыць інтэрактыўная карта на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі, піша pozirk.online.
У 23 раёнах са 118 хадзіць у лясы забаронена: у Берасцейскай вобласці гэта Іванаўскі і Пінскі раёны; Віцебскі — Верхнядзвінскі, Гарадоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Аршанскі і Сенненскі; Гомельскай — Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Калінкавіцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Кастрычніцкі, Петрыкаўскі і Светлагорскі; Менскай - Бярэзінскі, Барысаўскі і Лагойскі; Магілёўскай - Магілёўскі.
У астатніх раёнах дзейнічае абмежаванне на наведванне лясоў.
Пры абмежаванні (жоўты ўзровень пажарнай небяспекі) лясы можна наведваць, але не на аўтатранспарце і без гадоўлі вогнішчаў. Пры забароне (чырвоны ўзровень) у лес хадзіць нельга.
Увядзенне абмежаванняў і забарон - адказнасць райвыканкамаў. У кожным раёне прымяняюцца свае меры абмежавальнага характару (час наведвання, уезд на транспарце, асобныя ўчасткі ляснога фонду).
Паводле аператыўных звестак Міністэрства ў надзвычайных сітуацыях, учора суткі на тэрыторыі Беларусі ліквідавана шэсць лясных пажараў на агульнай плошчы 4,101 га, тры тарфяныя (0,183 га) і 12 — травы і кустоў (1,394 га).
У некаторых раёнах краіны паветра сёння прагрэецца да 29 градусаў, прагназуюць сіноптыкі.