BE RU EN

Украінскі пасол: У кіраўніка МЗС Беларусі кароткая памяць

  • 29.05.2024, 17:41

Рэжым Лукашэнкі ўжо з’яўляецца часткай вайны.

Пасол Украіны ў асобных даручэннях у Беларусі Ігар Кізім у "Фэйсбуку" адрэагаваў на візіт кіраўніка МЗС Вугоршчыны Петэра Сіярта ў Менск і заявы беларускага міністра замежных спраў Сяргея Алейніка:

- Не перастае здзіўляць кароткая памяць кіраўнікоў беларускай дыпламатыі. Гэта я аб выказванні міністра замежных спраў Сяргея Алейніка аб выніках перамоў з Петэрам Сіярта, яшчэ адным дыпламатам, які, у адрозненне ад дыпламатаў большасці краін ЕЗ, чамусьці шукае шляхі ўсталявання міру ва Украіне не ў асуджэнні развязанай Крамлём вайны і пакаранні пуцінскага рэжыму за ваенныя злачынствы, а ў фактычнай капітуляцыі Украіны.

Але зараз не пра Сіярта, а пра калег з беларускага дыпведамства. Што б там не казаў Алейнік аб тым, што нехта, з суседзяў, спрабуе «прымусіць Беларусь стаць часткай канфлікту», хацелася б адзначыць, што Беларусь ужо з'яўляецца часткай вайны (у разуменні крамлёўска-беларускай прапаганды — «канфлікту») з 24 лютага 2022 года.

Сам правадыр Беларусі казаў, што гэта «саюзніцкія абавязацельствы» прымусілі яго дапамагаць расейскай агрэсіі зброяй, тэхнікай і гэтак далей, стаць яе суўдзельнікам. Няўжо гэта не робіць Беларусь «часткай канфлікту»?

А тое, што зараз увесь беларускі вайсковы прамысловы комплекс працуе на расейскі ВПК, не робіць Беларусь «часткай канфлікту»? У гэтым кантэксце можна сказаць пра яшчэ большую крывадушнасць.

Цытую: «Мы ніколі, гэта наша прынцыповая пазіцыя, не стваралі праблем суседзям».

Гэта значыць выдача тэрыторыі для ўварвання расейскага войска ва Украіну (краіна-сусед з найбольшай агульнай мяжой), вайсковай інфраструктуры для нанясення ракетна-бомбавых удараў, пастаўкі ў расейскае войска боепрыпасаў, тэхнікі і г.д. Гэта «не стварае праблем для суседзяў»? (Відавочна, што гаворка ідзе не пра беларускі народ, які, сапраўды, ніколі не ствараў праблем украінцам, а пра цяперашні вайсковы палітычным рэжым) і яшчэ адным. Можа, паўтаруся.

З улікам вышэйзгаданых «момантаў», ну не можа Менск, як зноў прапануе Алейнік, быць пляцоўкай для перамоў аб мірным урэгуляванні, прынамсі — у тым сэнсе, які ў яго ўкладаюць цяперашнія кіраўнікі Беларусі. Магчыма, у выпадку капітуляцыі РФ, але тады і месца Беларусі, хутчэй за ўсё, будзе недзе побач з расейскай дэлегацыяй, а не «паміж сторанамі, якія канфліктуюць».

Апошнія навіны