Канада дазволіла выкарыстоўваць сваю зброю для ўдараў па цэлях у Расеі
- 29.05.2024, 18:47
Кіраўніца МЗС Канады адзначыла, што яе краіна не мае ніякіх умоў для УСУ.
Узброеныя Сілы Украіны могуць выкарыстоўваць зброю, якую перадала Канада, для ўдараў па вайсковых цэлях на расейскай тэрыторыі - Атава не ставіла Кіеву ніякіх умоў. Пра гэта заявіла канадская міністарка замежных спраў Мелані Жолі падчас прэс-канферэнцыі са швэдскім калегам Табіясам Більстрэмам.
Са слоў Жолі, пытанне пра такі дазвол з'яўляецца важным для Канады. Яна адзначыла, што гаварыла з кіраўніком МЗС Швэцыі аб зняцці абмежавання для Украіны для знішчэння цэляў у РФ зброяй супольнікаў.
"І ў Канадзе няма ніякіх умоў для паставак зброі ва Украіну, таму мы будзем працягваць працаваць з Узброенымі Сіламі Украіны", - сказала яна.
Канадская міністарка мяркуе, што ейная краіна павінна быць у першых шэрагах у гэтым пытанні, таму што ў Расеі няма "чырвоных ліній" у вайне. Яна падкрэсліла, што Атава гатовая далей дапамагаць Украіне і паказаць дзяржаве, што Канада на яе старане.
Яна таксама дадала, што на наступных сустрэчах з супольнікамі з NАТО ейная дзяржава абмяркуе гэты дазвол з іншымі краінамі.