BE RU EN

Швэцыя перадасць Украіне два самалёты ASC 890

  • 29.05.2024, 19:01

Яны могуць быць скарыстаныя для выяўлення беспілотнікаў, ракет і самалётаў.

У найбуйнейшы пакет вайсковай дапамогі Украіне, пра які 29 траўня абвясціла Швэцыя, увайшлі два самалёты ASC 890 кампаніі Saab AB з радарамі Erieye, якія могуць быць выкарыстаныя для выяўлення беспілотнікаў, ракет і самалётаў, а таксама марскіх цэляў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Стакгольме паведаміў міністр абароны Швэцыі Пол Юнсан, яго цытуе Bloomberg.

«ASC 890 дасць Украіне новыя магчымасці ў барацьбе з паветранымі і марскімі цэлямі. Будзе ўзмоцнены патэнцыял Украіны для выяўлення цэляў на вялікай далёкасці. Яны будуць дзейнічаць у якасці ўзмацнення сіл, калі на ўзбраенне паступяць F-16», - падкрэсліў Юнсан у Х.

Як адзначыла Bloomberg, зона эфектыўнага назірання Erieye складае больш за 500 тыс. км² і дапамагае выяўляць і адсочваць знішчальнікі, гелікаптэры і крылатыя ракеты.

Швэцыя таксама разглядала магчымасць перадачы Украіне знішчальнікаў Gripen, аднак 28 траўня Юнсан паведаміў, што краіна прыпыняе абмеркаванне гэтага пытання. Ён распавёў, што краіны кааліцыі, якія плануюць даць Украіне знішчальнікі F-16 амерыканскай вытворчасці, заклікалі Швэцыю пачакаць з сістэмай Gripen.

Апошнія навіны