На мяжы з Польшчай расце чарга
- 29.05.2024, 21:17
У «калейцы» ўжо 60 аўтобусаў.
Доўгая чарга з аўтобусаў сабралася ўвечары 29 траўня ў пункце пропуску «Брэст» на беларуска-польскай мяжы. Пра гэта сведчаць звесткі маніторынгу Дзяржаўнага памежнага камітэта.
На стан 20-й выезду з Беларусі ў Польшчу чакаюць 60 аўтобусаў. У чатах пра перасячэнне мяжы паведамляюць, што час чакання праезду на польскі бок складае больш за 18 гадзінаў. Хто не хоча марнаваць час у «калейцы», перасаджваюцца на пустыя месцы ў аўтобусы, якія стаяць бліжэй да пункта пропуску.
«Аўтобусы ўсе стаяць амаль пустыя. Людзі проста перасаджваюцца ў першыя да шлагбаўма. Мы прыехалі а 16-й на мяжу. Аўтобус 20-ы быў у чарзе. Перасела ў трэці ў чарзе. 18.50 прайшлі беларускую мяжу. Чакаем выезду [на польскі бок]», – падзялілася лайфхакам адна з падпісчыцаў чату.
Акрамя таго ў пункце пропуску «Брэст» стаяць 250 легкавушак. Паводле словаў відавочцаў, даўжыня чаргі пераваліла за 1,5 км.
«Калейкі» растуць і на літоўскім кірунку. У пункце пропуску «Каменны лог» увечары серады выезду з Беларусі чакаюць 160 легкавушак, у «Беняконях» – 120.
У пункце пропуску «Грыгараўшчына» (Латвія) прастойваюць 45 аўтамабіляў.
Акрамя таго, на мяжы Беларусі і ЕЗ стаяць 2290 фураў: 780 – у «Каменным логу», 700 – у «Беняконях», 410 – у «Грыгараўшчыне», 400 – у «Казловічах».