BE RU EN

Іран выключыў версію пра падзенне гелікаптэра Раісі праз дыверсію

  • 29.05.2024, 21:31

Тэгеран аспрэчыў версію Лукашэнкі і беларускай прапаганды.

Версія пра падзенне гелікаптэра прэзідэнта Ірана Ібрахіма Раісі праз выбух, які ўзнік у выніку дыверсіі, выключаная. Пра гэта гаворыцца ў другой справаздачы Генеральнага штаба Узброеных сілаў Ірана паводле вынікаў расследавання катастрофы, паведамляе іранскі дзяржтэлеканал IRIB.

У дакуменце пазначана, што спецыялісты даследавалі абломкі і часткі гелікаптэра. Мяркуючы з адлегласці паміж імі і тым, як яны былі раскіданыя, выключаная версія пра выбух, які ўзнік у выніку дыверсіі падчас палёту або за некалькі секундаў да сутыкнення паветранага судна са схілам узвышша.

«Згодна з справаздачай профільных экспертаў, слядоў дзеянняў сродкаў радыёэлектроннай барацьбы на гелікаптэры, які разбіўся, не выяўлена», – падкрэслівае ваенная ўстанова.

Паводле яе інфармацыі, экіпаж гелікаптэра выходзіў апошні раз на сувязь за 69 секундаў да аварыі.

«Пакуль не будзе выяўленая асноўная прычына аварыі, аналіз інфармацыі будзе прадаўжацца», – гаворыцца ў заяве.

23 траўня іранскі Генштаб апублікаваў першую справаздачу паводле вынікаў расследавання катастрофы. Паводле ягоных высноваў, корпус гелікаптэра прэзідэнта Ірана, які разбіўся, не мае ніякіх слядоў уздзеяння куляў. Адзначалася, што паветранае судна загарэлася толькі пасля сутыкнення з паверхняй гары і за паўтары хвіліны да аварыі яно рухалася па запланаваным маршруце.

Нагадаем, гелікаптэр Раісі пацярпеў крушэнне 19 траўня недалёка ад Джульфы, горада на мяжы з Азербайджанам, прыкладна за 600 кіламетраў на паўночны захад ад іранскай сталіцы Тэгерана. Прэзідэнт Ірана лётаў на ім у суседні Азербайджан, каб разам з лідарам Азербайджана Ільхамам Аліевым адкрыць плаціну.

Пры крушэнні загінулі прэзідэнт Ірана Ібрахім Раісі, міністр замежных справаў Хасейн Амір Абдалахіян, а таксама губернатар іранскай правінцыі Усходні Азербайджан Малік Рахмеці і аятала правінцыі Тэбрыз Алі Хашым.

Як паведамляў Charter97.org, Лукашэнка і ягоная світа абвінавачвалі Вашынгтон у крушэнні гелікаптэра з прэзідэнтам Ірана.

Апошнія навіны