BE RU EN

Беларусам прапанавалі прадуктовую «торбачку трактарыста»

  • 29.05.2024, 21:39

Менскі трактарны завод не перастае здзіўляць завадчанаў і фанатаў сваёй прадукцыі.

Зусім нядаўна ў Беларусі з'явілася новая каўбаса ад МТЗ, але высветлілася, што гэта толькі частка нечаканкі.

З 30 траўня ў Менску можна будзе набыць смачны набор ад трактарыстаў, яшчэ і ў брэндаванай упакоўцы.

У продажы абяцаюць «торбачку трактарыста» ад BELARUS TRACTORS.

Унутры прыгожай торбы сыравяленая каўбаса «Балканская», сала «Беларускае», рыбныя кансервы «Фарэль натуральная», кансервы мясныя кавалкавыя «Ялавічына тушаная», булка «Завадская», цыбуля рэпчатая.

І сёе-тое яшчэ – фінальны кампанент пакуль трымаюць у таямніцы. Аднак на адной з фатаграфій ёсць спойлер – відаць рыльца бутэлькі з акцызам на ім.

Вядомае не толькі напаўненне (а агульная вага «торбачкі» дасягае 3 кг), але і кошт такога набору. Паводле інфармацыі МТЗ, яго кошт блізу Br80.

Падпісчыкі афіцыйнага Telegram-канала прадпрыемства рэагуюць на допіс пазітыўна.

А ў каментарах можна ўбачыць, што інтрыга нікога не пакідае абыякавым (арфаграфія і пунктуацыя аўтара захаваныя):

«У падарунак проста супер!!! Я так разумею тое-сёе таксама брэндаванае???»

Навінку чакаюць у краме «Кулінарыя №1» камбіната грамадскага харчавання МТЗ на адрасе вул. Будзённага, 11.

Дарэчы, «торбачку» можна будзе як набыць цалкам, так і сабраць толькі самае неабходнае на свой густ.

Нядаўна МТЗ супольна з мясакамбінатам «Пухавічымясапрадукт» выпусціў сыравяленую каўбасу. У складзе – свініна і ялавічына. Паведамлялася, што каўбаса з'явіцца ва ўсіх пунктах камбіната грамадскага харчавання прадпрыемства.

Апошнія навіны