BE RU EN

Уладзімір Фясенка: Макрон папярэдзіў Пуціна

  • 3.05.2024, 15:58

Украіне ж прэзідэнт Францыі зрабіў канкрэтную прапанову.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у інтэрв'ю The Economist пацвердзіў магчымасць адпраўкі французскіх жаўнераў ва Украіну. Ён падкрэсліў, што не будзе даваць поўнай яснасці аб сваіх планах, каб не аслабіць Францыю.

У чым можа палягаць план Макрона? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра практычных палітычных даследаванняў "Пента" Уладзімірам Фясенкам:

- Думаю, што нейкага канкрэтнага плана (у першасным сэнсе гэтага слова) пакуль няма. Гэта палітычнае папярэджанне Пуціну. Бо ён кажа ў кантэксце "прарыву фронту", "эскалацыі вайны", "пагрозе ваенных дзеянняў, якія могуць узнікнуць для Малдовы" і гэтак далей.

Макрон папярэдзіў Пуціна, што Францыя, у адрозненне ад іншых партнёраў, гатовая да больш рашучых дзеянняў для падтрымкі Украіны і абароны Еўропы. Тут таксама трэба разглядаць пазіцыю Макрона ў шырокім кантэксце еўрапейскай бяспекі. Нядаўна ён заявіў, што Францыя гатова ўзяць на сябе ролю лідара ў стварэнні еўрапейскай сістэмы бяспекі. Вайна ж Расеі супраць Украіны - пагроза еўрапейскай бяспекі.

Я вось сказаў, што канкрэтнага плану няма. Але, магчыма, мы яго проста не ведаем. Можа быць, як гэта часта бывае, вайскоўцы рыхтуюць тактычныя планы, як яны могуць дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі.

Адзначу, у справе адпраўкі французскіх салдат ёсць яшчэ і пытанне ўзгаднення з Украінай. Макрон пра гэта таксама згадаў, сказаўшы, "калі будзе запрашэнне". Гэта прапанова Украіне.

Украіна ж пакуль асцярожна дзейнічае ў гэтым пытанні. Бо ў Кіеве ведаюць, што ў пытанні прысутнасці на тэрыторыі Украіны войскаў NАТО ёсць супярэчнасці паміж рознымі краінамі. Мы не жадаем стаць "яблыкам разладу". Для нас зараз вельмі важна не правакаваць супярэчнасці ўнутры NАТО, а важна захоўваць адзінства заходняй падтрымкі для Украіны.

Аднак не выключаю, што пасля такіх заяў Макрона будуць закрытыя абмеркаванні і дамоўленасці, як дзейнічаць у выпадку ўзнікнення менавіта крытычнай сітуацыі. Напрыклад, пры прарыве фронту.

Яшчэ важна ў заяве Макрона тое, што размова ідзе не проста аб накіраванні французскіх вайскоўцаў для прысутнасці ва Украіне. Пра кантэкст і змест відаць, што гаворка ідзе аб іх удзеле ў ваенных дзеяннях. Гэта, бадай, упершыню так рэзка заяўлена.

Увогуле, у першую чаргу, гэтае папярэджанне Пуціну, але і прапанова Украіне. У выпадку ўзнікнення крытычнай сітуацыі Францыя можа прыйсці на дапамогу. Думаю, што Украіна спачатку нефармальна, але можа на гэтую прапанову адгукнуцца. Правесці з Францыяй нейкія кансультацыі аб узгадненні супольных дзеянняў, калі такая сітуацыя ўзнікне.

Усё будзе залежаць ад таго, як далей будзе развівацца і ваенная сітуацыя ва Украіне, і палітычная ў Еўропе. У тым ліку - у стасунках з Расеяй.

- Раней СМІ пісалі, што Макрон прапаноўваў Байдэну і Шольцу стратэгію, у якой чырвоныя лініі не будуць агучвацца, а Крэмль будзе варажыць, якімі будуць крокі Захаду. Наколькі гэта была б эфэктыўная стратэгія?

- Прапановы Макрона аб стратэгіі стрымлівання Пуціна і падтрымцы Украіны больш рашучыя, яны могуць быць больш эфектыўныя. Цяперашняя, больш асцярожная пазіцыя, не спыняе Пуціна, а недзе яго і правакуе.

Макрон якраз паказвае, што калі Пуцін пойдзе занадта далёка, то ёсць рызыка вайсковага сутыкнення. Бо не толькі Захад баіцца вайсковага сутыкнення з РФ. Расея таксама, проста яны пра гэта не гавораць.

Яны крычаць, маўляў, “мы ваюем з NАТО”, але напраўду не гатовыя ў РФ ваяваць з усім Альянсам. Яны адну Украіну перамагчы не могуць, а тут яшчэ з усім NАТО ваяваць. Таму Макрон і прапануе, што Альянс павінен паказаць большую рашучасць у супрацьстаянні Расеі. Гэта можа быць больш эфектыўным чыннікам стрымлівання пуцінскай агрэсіі.

Апошнія навіны