BE RU EN

Названы «самы павольны пераход» на мяжы з ЕЗ

  • 13.06.2024, 9:47

З выездам з Беларусі назіраюцца праблемы.

Паводле звестак Памежнага камітэта Беларусі на 8 раніцы, на чатырох пунктах пропуску на выезд у краіны ЕЗ назапасілася больш за 500 аўтамабіляў. Падарожнікі сведчаць, што самы павольны пераход зараз - «Беняконі - Шальчынінкай» паміж Беларуссю і Літвой: на праходжанне мяжы спатрэбіліся 24 гадзіны, піша belsat.eu.

Праходжанне мяжы ў Берасці, паводле звестак пагранічнага камітэта Беларусі на 6 раніцы, чакаюць 230 аўтамабіляў. Пры гэтым чарга рухаецца даволі хутка. Як пішуць у чатах, дзе вандроўцы дзеляцца інфармацыяй, на ўсё пра ўсё спатрэбіцца амаль 8 гадзін.

З аўтобусамі на пункце «Варшаўскі мост - Тэрэспаль» крыху лепш: у чарзе проста зараз іх 15, час чакання 6-7 гадзін. Больш часу патрабуецца, каб уехаць у Беларусь:

«Польская мяжа - паўтары гадзіны, беларуская - 7,5! У аўтобусе былі ўкраінцы, іх вельмі доўга правяраюць, ды і не ўсіх пусцілі».

У «Каменным Логу» на выезд у Літву - 100 аўтамабіляў. Тыя, хто ўначы прайшоў мяжу, падлічылі, што чакалі амаль 11 гадзін. Столькі ж, дарэчы, чакалі і аўтобусы, хаця зараз, як паведамляюць беларускія пагранічнікі, чаргі няма. Пасажыры сцвярджаюць, што літоўскія службоўцы вельмі пільна даглядалі рэчы.

У «Беняконях» зараз 120 легкавушак, і тут самая цяжкая сітуацыя:

«Прасоўваліся на 10-12 аўтамабіляў на гадзіну. У выніку - роўна 24 гадзіны. З іх пяць проста стаялі на літоўскім кантролі і глядзелі на поўнае ігнараванне памежнікаў».

Аўтобусаў тут у чарзе няма, ноччу мяжу прайшлі прыблізна за 2,5 гадзіны. Прычым адны пішуць, што надгляд быў павярхоўны, толькі папрасілі выкінуць цыгарэты і пакідалі крыху прадуктаў, а іншыя сведчаць, што «торбы не трэслі зусім».

На пераходзе на беларуска-латышскай мяжы «Грыгараўшчына - Патэрніекі» аўтобусаў няма, затое легкавушак - 110. Чарга пачала расці ўвечары. За ноч у ёй рушылі наперад на палову, такім чынам, калі прапускаць аўтамабілі прадоўжаць такімі тэмпамі, на праходжанне мяжы спатрэбяцца 24 гадзіны.

Апошнія навіны