BE RU EN

Зайчык пад прыцэлам

  • TELEGRAM-КАНАЛ «ПИСЬМА К ДОЧЕРИ»
  • 13.06.2024, 10:13

Беларускаму рублю няма куды дзявацца.

Цяпер беларускі рубель можа ганарыцца тым, што ён больш канвертаваны за расейскі. Але ніякай практычнай карысці беларускаму рублю ў ягоным асабістым жыцці ад гэтага статусу не будзе. А будзе наадварот.

Таму што асабістае жыццё ў беларускага рубля будзе зараз значна больш насычаным, чым раней. Такім жа насычаным як у расейскага.

Праз санкцыі супраць Маскоўскай біржы на ёй нельга зараз гандляваць ні далярамі, ні еўрамі. І расейскі Цэнтрабанк ужо сказаў, што ён будзе вызначаць валютны курс пасля пазабіржавых таргоў. Гэта калі банкі прадаюць валюту адзін аднаму напрамую.

І калі валютай гандлявалі на біржы, то Цэнтрабанк мог уплываць на курс свайго рубля разнастайнымі інтэрвенцыямі. А калі банкі прадаюць валюту адзін аднаму напрамую, то з усіх інтэрвенцый уплыву ў Цэнтрабанка застаюцца толькі вербальныя.

Гэта не значыць, вядома, што расейскі рубель зараз абрынецца глыбока. Ён жа, мусіць, абрынецца. Але гэта неабавязкова. Але гэта значыць, што расейскі рубель будзе цяпер значна больш схільны да розных нядобрых уплываў і панічных нападаў. Гэта значыць, валацільнасць курса расейскага рубля вырасце.

А беларускі рубель жа прывык дзяліць з расейскім усе яго нягоды і радасці. Не, я сур'ёзна. Улічваючы, што на Расею прыпадае 65% беларускага замежнага гандлю, у беларускага рубля няма ніякіх іншых варыянтаў, акрамя як дзяліць з расейскім яго радасці і нягоды.

Уласна, беларускі рубель гэтым ужо даўно займаецца, а апошнія пару гадоў ён нават перастаў гэтага саромецца. Проста калі вы прадаеце ў адну краіну дзве траціны сваіх тавараў, то вы не пакідаеце сваёй валюце ніякіх шанцаў на аўтаномнае плаванне. І калі ў расейскага рубля раптам здарыцца панічная атака, то беларускі рубель будзе кідацца як той зайчык пад прыцэлам.

Гэта значыць, Нацбанку значна больш і часцей трэба будзе марнаваць свае валютныя інтэрвенцыі «на згладжванне занадта рэзкіх ваганняў курсу айчыннай валюты». А не сказаць, каб у беларускага Нацбанку было шмат лішняй валюты на ўсе гэтыя інтэрвенцыі. У золатавалютных рэзервах Нацбанка валюты, якую ён можа выдаткаваць на інтэрвенцыі, засталося менш за 3 мільярды даляраў у эквіваленце.

Вядома, каб сэканоміць дэфіцытную валюту, Нацбанк можа часам замяняць валютныя інтэрвенцыі на вербальныя. І, напэўна, ён будзе так рабіць. Бо мастацтва вербальных інтэрвенцый у беларускага Нацбанка ўзыходзіць яшчэ да часоў героя Беларусі Пракаповіча. Але ёсць нюанс.

Беларускаму рублю нельга занадта моцна адставаць ад расейскага ў яго звілістым жыццёвым цыкле. Таму што 65% беларускага экспарту прадаецца ў Расею. І калі беларускі рубель будзе даражэйшы за расейскі, то беларускі экспарт у Расею таксама падаражэе. А калі беларускі экспарт падаражэе, то яго не будуць браць. А калі яго не будуць браць, дык куды яго потым падзець? Акрамя Расеі яго дзяваць няма куды.

Карацей, я табе што хачу сказаць? Я хачу сказаць, што зноў ва ўсім вінаватыя англасаксы. Як заўсёды. Увялі, можна сказаць санкцыі супраць расейскага рубля, а беларускаму рублю зараз пакутаваць. І, дарэчы, вельмі можа так атрымацца, што беларускі рубель пацярпіць нават крыху мацней за расейскі. Ну ўсё ж у расейскага рубля рэзерваў больш.

Telegram-канал «Письма к дочери»

Апошнія навіны