У Беларусі даляр устанавіў рэкорд
- 13.06.2024, 11:48
Адзін з важных паказчыкаў вырас у шэсць разоў.
Розніца паміж курсамі пакупкі і продажу даляраў у абменніках беларускіх банкаў за дзень вырасла больш чым у шэсць разоў, паведамляе myfin.by.
Паводле звестак на 09:40 13 чэрвеня, найлепшы курс для куплі даляра - Br3,238, для продажу - Br3,195. Розніца - 4,3 капейкі.
А ў звычайныя дні гэты паказчык знаходзіўся на ўзроўні 0,4-0,7 капейкі.
Такі разрыў утварыўся на фоне санкцый, якія ЗША ўвялі 12 чэрвеня супраць Маскоўскай біржы.
Праз іх таргі на Масбіржы з 13 чэрвеня будуць праводзіцца са зменамі: без валютных пар з далярам і еўрам.
Аб'ём укладаў беларусаў у замежнай валюце (а даляр займае больш за 90%) падае, але ўсё адно іх велічыня дагэтуль большая, чым зберажэнняў у рублях.
Для многіх беларусаў менавіта амерыканская валюта з'яўляецца сродкам назапашвання і яны ўважліва сочаць за курсам даляра.