Армянскі дыпламат: Лукашэнка перайшоў усе магчымыя і немагчымыя грані
- 13.06.2024, 14:09
Ерэван можа замарозіць стасункі з Менскам.
Паміж Арменіяй і Беларуссю разгараецца дыпламатычны скандал. Ерэван адклікае амбасадара для кансультацый, а Нікол Пашынян заявіў, што ніколі больш не наведае Беларусь, пакуль ва ўладзе будзе Лукашэнка.
Сайт Charter97.org папрасіў пракаментаваць тое, што адбываецца, аднаго з лідараў дэмакратычнага руху ў Арменіі ў 1990-х гадах, былога дэпутата Вярхоўнага Савета рэспублікі і экс-амбасадара Арменіі ў Расеі Сцяпана Грыгарана:
- Па-першае, я вітаю гэтыя словы Нікола Пашыняна. Беларускі самазванец робіць крокі на карысць Азербайджана, яны з Ільхамам Аліевым адзін аднаго вельмі добра разумеюць як дыктатары. Але Лукашэнка перайшоў мяжу, падчас свайго апошняга візіту ў Баку ён казаў, што яны з Аліевым гутарылі да пачатку вайны 2020-га года, што сілай можна развязаць Карабахскую праблему.
У пытанні Нагорнага Карабаха Лукашэнка прывітаў пачатак ваенных дзеянняў з боку Азербайджана. Усе магчымыя і немагчымыя грані ён перайшоў. Тут пытанне не толькі ў тым, што ў Арменіі дэмакратыя, а што робіцца ў Беларусі - усё добра ведаюць. Не толькі ў гэтых, але і ў персанальных паводзінах у такіх адчувальных пытаннях як тэрытарыяльная цэласнасць Арменіі, пытанне Нагорнага Карабаха, які для ўсіх адчувальны.
Няхай нават у нас зараз праблемы з АДКБ, няхай мы замарозілі наш удзел, але недапушчальна, каб краіна-чалец АДКБ з краінай, якая не з'яўляецца чальцом арганізацыі, рабіла такія выпады. Таму я адназначна вітаю заяву Нікола Пашыняна, але ёсць адзіная заўвага да нашага ўрада - яны вельмі часта затрымліваюць важныя крокі, у тым ліку - дыпламатычныя.
Лукашэнка такія рэчы казаў і год таму, і два гады таму, але толькі зараз у Нікола Пашыняна лопнула цярпенне. Таму ён і даў такую адзнаку стасункам з Беларуссю, заявіў, што больш не будзе туды ездзіць. Але амбасадара, як мы ведаем, выклікалі на кансультацыю ў Ерэван. Я б наогул адклікаў, нам з Беларуссю цяпер бессэнсоўна мець дачыненні на ўзроўні амбасадара, бо супадзенняў у інтарэсах няма. Такая жорстка антыармянская палітыка, у якой няма ніякіх граняў, яна не вытрымлівае ніякай крытыкі.
- Якім можа быць развіццё падзей? Ці могуць стасункі паміж Ерэванам і Менскам быць замарожаныя?
- Думаю так. Адкліканне амбасадара для кансультацый – гэта форма дэмаршу, але гэта мяккая форма. Я думаю, што наступным крокам будзе тое, што нашыя згорнуць узровень узаемадачыненняў з Беларуссю да ўзроўню намеснікаў амбасадара, гэта значыць як мінімум спусцяць гэтыя стасункі на ніжэйшы ўзровень.
Я ўжо не гавару аб тым, што ў рамках АДКБ мы ўжо замарозілі нашы стасункі, гэта азначае і тое, што мы замарозілі супрацоўніцтва з Беларуссю ў рамках арганізацыі. Так што развіццё будзе ісці па такой крывой, што будзе не проста часовае адкліканне пасла для кансультацый, а будзе поўнае адкліканне амбасадара, гэта значыць Арменія знізіць узровень дыпламатычных стасункаў з Беларуссю.