BE RU EN

Украіна і Японія падпісалі двухбаковае пагадненне аб бяспецы

  • 13.06.2024, 19:02

Гэта першы падобны дакумент, укладзены Кіевам не з краінай-чальцом NАТО.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэм'ер-міністр Японіі Фуміа Кішыда 13 чэрвеня падпісалі двухбаковае пагадненне аб бяспецы на палях саміту G7, які праходзіць у Італіі. Аб гэтым Зяленскі праінфармаваў у Х.

«У 2024 годзе Японія дасць Украіне $4,5 млрд і будзе падтрымліваць нашу дзяржаву на працягу ўсяго 10-гадовага тэрміну дзеяння пагаднення. Дапамога ў сферы бяспекі і абароны, супрацоўніцтва ў гуманітарнай, тэхнічнай і фінансавай сферах, супольная работа для рэалізацыі пунктаў формулы міру, санкцый супраць агрэсара і прыцягнення яго да адказнасці - гэта таксама замацоўвае падпісанае сёння пагадненне. Шануем тое, што Японія будзе працаваць з Украінай і для аднаўлення», - напісаў Зяленскі.

Паводле ягоных слоў, для Японіі такі тып пагаднення і ўзровень падтрымкі «з'яўляюцца прарыўнымі».

Як указаў прэс-цэнтр АП Украіны, гэта першае пагадненне аб бяспецы, укладзенае Украінай не з краінай-чальцом NАТО і з краінай Ціхаакіянскага рэгіёну.

Агулам сума дапамогі, якую дасць Японія з сакавіка 2022 года, складзе больш за $12 млрд.

«Дакумент прадугледжвае перадачу Украіне несмяротнага абсталявання, з улікам канстытуцыйных абмежаванняў Японіі, і замацоўвае далейшае развіццё супрацоўніцтва ў рамках кааліцый магчымасцяў, чальцом якіх з'яўляецца Японія, у кааліцыі інфармацыйных тэхналогіях і размінаванні», – сказана ў паведамленні.

Акрамя ўсяго, Японія будзе забяспечваць лячэнне параненых украінскіх воінаў, супрацоўнічаць з Украінай у галіне выведкі і абароны сакрэтнай інфармацыі, узмацненні абароны і аднаўленні крытычнай інфраструктуры, умацаванні кібер- і інфармацыйнай бяспекі, забеспячэнні свабоднага суднаходства і бяспекі марскіх шляхоў.

Таксама Японія будзе дапамагаць з аднаўленнем Украіны, прыцягваючы да гэтага прыватны сектар і дзяржустановы краіны, дадалі ў АП.

Падкрэсліваецца, што Кіеў і Токіё будуць вывучаць магчымасці для развіцця прамысловай базы Украіны, у тым ліку шляхам прыцягнення прыватнага сектара, стварэння супольных прадпрыемстваў і правядзення даследаванняў.

«Японія і надалей будзе падтрымліваць украінскую формулу міру, узмацняць санкцыі супраць [краіны-агрэсара] Расеі, супрацоўнічаць у распрацоўцы механізму кампенсацыі страт, за кошт суверэнных расейскіх актываў, і ў прыцягненні агрэсара да адказнасці. Японія таксама і надалей будзе дапамагаць Украіне ўмацоўваць ядзерную бяспеку, у кантэксце абароны Запарожскай атамнай электрастанцыі», - гаворыцца ў паведамленні.

Двухбаковае пагадненне аб бяспецы з Японіяй стала 16-м, якое ўжо ўклала Украіна ў мэтах выканання супольнай дэкларацыі G7. Яго тэкст апублікаваны на сайце АП Украіны.

Апошнія навіны