У Зяленскага адказалі на «мірную прапанову» Пуціна
- 14.06.2024, 16:18
У Офісе прэзідэнта Украіны «расшыфравалі» яго словы.
Заява крамлёўскага кіраўніка Пуціна аб заканчэнні вайны не змяшчае ніякіх новых мірных прапаноў, ён чарговым разам агучыў «стандартны набор агрэсара».
Пра гэта заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.
- Змест [набору] цалкам канкрэтны, вельмі абразлівы для міжнароднага права і абсалютна красамоўна сведчыць аб няздольнасці цяперашняга расейскага кіраўніцтва адэкватна ацэньваць рэаліі, - мяркуе ён.
На думку Падаляка, фактычна прапанова Масквы выглядае так:
- аддайце свае тэрыторыі.
- Адмоўцеся ад суверэнітэту і суб'ектнасці.
- Пакіньце сябе безабароннымі, адмовіўшыся ад уступлення ў саюзы.
- Неадкладна скасуйце ўсе санкцыі, каб Расея магла напаўняць сваю мілітарызаваную эканоміку і больш інвеставаць у інфармацыйныя правакацыі ва ўсім свеце.
- Тэрмінова выпраўце нашу неплатаздольнасць за кошт Украіны.
З яго слоў, гэты план не сведчыць аб жаданні скончыць вайну. «Затое ёсць жаданне не плаціць за гэтую вайну і працягваць яе ў новых фарматах. Гэта ўсё поўная прафанацыя», - дадаў дарадца кіраўніка АП.
Нагадаем, як вядома, ужо заўтра ў Швэйцарыі стартуе «Глабальны саміт міру», у якім павінны ўзяць удзел амаль 90 дзяржаў і арганізацый. Расея і Кітай адмовіліся ад удзелу.