Прыклад Эстоніі: чаму нейтралітэт - не для Беларусі
- Сільвер Лойт
- 16.06.2024, 21:40
Толькі NATO можа абараніць нашую краіну.
Сайт Charter97.org працягвае публікацыю артыкулаў з кнігі, выдадзенай фондам «Еўрапейская Беларусь». Гэты артыкул напісаны эстонскім дыпламатам Сільверам Лойтам.
Вайна Расеі супраць Украіны выклікала значныя змены сітуацыі з бяспекай у Балтыйскім рэгіёне. Чаленства Фінляндыі ў NATO і заява Швэцыі аб уступленні ў NATO, якая рана ці позна будзе задаволеная, умацавалі бяспеку Балтыйскага рэгіёна і павысілі яго здольнасць супраціўляцца адзінай небяспечнай і патэнцыйна разбуральнай сіле ў рэгіёне - Расеі. І ўсё гэта адбылося нягледзячы на тое, што Расея выставіла рашучы ўльтыматум NATO, ЗША і АБСЕ 17 снежня 2021 года, спрабуючы зноў навязаць Захаду расейскія правілы гульні. Зверская вайна Расеі супраць Украіны мела супрацьлеглы эфект, што пацвердзіў прэзідэнт Фінляндыі Саўлі Нііністэ, які звярнуўся да Уладзіміра Пуціна са словамі: «Паглядзіце ў люстэрка, вы самі да гэтага прывялі». Гэта вельмі сімвалічна і драматычна. Гэта азнаменавала канец працяглага фінскага нейтралітэту і, нарэшце, закрыла раздзел двухвекавой палітыкі нейтралітэту ў рэгіёне.
Палітыка нейтралітэту ўжо даўно давяла сваю слабасць на прыкладзе Эстоніі. Эстонія надае рашучую падтрымку NATO і асновай стала трагічнае мінулае краіны.
У самым пачатку, калі Эстонія набыла незалежнасць, канцэпцыя палітыкі нейтралітэту здавалася цалкам прыдатнай для зноў створанай дзяржавы, якая выпрабавала на сабе ўвесь цяжар Першай сусветнай вайны. У «Маніфесце ўсім народам Эстоніі», Дэкларацыі незалежнай Эстонскай Рэспублікі, абвешчанай 24 лютага 1918 года ў Таліне, ясна паказваецца, што «Эстонская Рэспубліка жадае захоўваць абсалютны палітычны нейтралітэт у дачыненні да ўсіх суседніх дзяржаў і народаў і чакае, што яны аднолькава адкажуць поўным нейтралітэтам». Імкненне да нейтралітэту было даволі практычнай пастановай: дзясяткі тысяч эстонцаў былі на палях бітваў Першай сусветнай вайны ў шэрагах Расейскага войска. Заснавальнікі незалежнай Эстоніі не хацелі прымаць чыйсьці бок у ваенных сутыкненнях паміж імперыямі, якія распадаліся.
Эстонія была вымушаная адмовіцца ад ідэі поўнага нейтралітэту ўжо ў першыя дні набыцця незалежнасці. Талін быў акупаваны войскамі імперскай Германіі ўжо на другі дзень пасля абвяшчэння незалежнасці Эстоніі. Нямеччына пацярпела паражэнне ў Сусветнай вайне і Эстонія зазнала напад Савецкай Расеі і Прыбалтыйскага ландэсвера. Эстонія перамагла ў вайне за незалежнасць (1918–1920). Хаўруснікі, Вялікая Брытанія, Фінляндыя, Латвія, швэдскія і дацкія добраахвотнікі, часткі балтыйскіх немцаў і часткі расейскай «Белай гвардыі», падтрымалі Эстонію. Такім чынам, досвед Эстоніі ў вайне за незалежнасць прадэманстраваў, што краіна мае патрэбу ў надзейных хаўрусніках, і гэта неабходнасць абвастрылася, калі Эстонія хадайнічала аб паўнацэнным дыпламатычным прызнанні з боку міжнароднай супольнасці, асабліва з боку чальцоў Антанты. Савецкая Расея была першай дзяржавай, якая прызнала Эстонію дэ-юрэ ў адпаведнасці з Тартускай мірнай дамовай, падпісанай прадстаўнікамі ўрадаў краін 2 лютага 1920 года.
Расея безумоўна прызнала «незалежнасць і самастойнасць Эстонскай Дзяржавы» і адмовілася «добраахвотна і на вечныя часы ад усялякіх суверэнных правоў, якія належалі Расеі ў стаўленні да эстонскага народа і зямлі ў сілу існаваўшага дзяржаўна-прававога парадку, а таксама на падставе міжнародных дамоваў, якія губляюць дзеянне на будучыя часы» (артыкул 2). Савецкі бок абяцаў, што «на выпадак міжнароднага прызнання сталага нейтралітэту Эстоніі, Расея са свайго боку абавязваецца выконваць гэты нейтралітэт і ўзяць удзел у гарантыі захавання такога нейтралітэту» (артыкул 5). Што датычыцца пашырэння бяспекі Балтыйскага мора, абодва дамоўныя бакі пагадзіліся, што «абавязваюцца далучыцца ў выпадку міжнароднай нейтралізацыі Фінскай затокі да гэтай нейтралізацыі на ўмовах, выпрацаваных пры ўдзеле ўсіх зацікаўленых дзяржаў і ўсталяваных дзейнымі міжнароднымі актамі; а таксама, у выпадку, калі гэта ўказаным міжнародным пагадненнем будзе ўстаноўлена, прывесці свае вайскова-марскія сілы або частку гэтых сіл у стан, які адпавядае патрабаванням азначанага міжнароднага пагаднення» (артыкул 6). Бакі дамовіліся забараніць усе тыпы вярбоўкі і мабілізацыі якіх-небудзь войскаў, якія ставяць за мэту ўзброеную барацьбу з іншым дамоўным бокам (артыкул 6).1 Такія мірныя дамовы паміж Саветамі і Літвой), Фінляндыяй (Тарту, 14 кастрычніка 1920 г.) і Польшчай (Рыга, 18 сакавіка 1921 г.) далі некаторую надзею на мір і стабільнасць у рэгіёне. Аднак , гэта працягнулася нядоўга: у першыя гады пасля заканчэння грамадзянскай вайны Савецкай Расеі ўдалося стабілізаваць сітуацыю ўнутры краіны, шляхам ілжывых абяцанняў і з дапамогай тэрору супраць свайго ўласнага насельніцтва, а таксама супраць насельніцтва анэксаваных краін. Камуністычная Расея прадэманстравала свае рэваншысцкія мэты, акупаваўшы і анэксаваўшы іншыя зноў утвораныя незалежныя дзяржавы, такія як Беларусь, Украіна, Арменія, Азербайджан і Грузія.
Акрамя таго, Расея ініцыявала камуністычную гібрыдную вайну і кампаніі дэзінфармацыі супраць сваіх суседзяў, у тым ліку Эстоніі. 1 снежня 1924 года Савецкі Саюз паспрабаваў зрынуць дэмакратычна абраны ўрад Эстоніі, ініцыяваўшы ўзброены пераварот у Таліне. Гэтая спроба скончылася правалам, але яна яшчэ раз прадэманстравала неабходнасць надзейнага альянсу або, прынамсі, больш цеснага супрацоўніцтва ў галіне бяспекі паміж дзяржавамі-аднадумцамі.
У пачатку 1920-х гадоў Эстонія спрабавала атрымаць гарантыі падтрымкі з боку Злучанага Каралеўства, якое дапамагала ёй у самыя цяжкія дні вайны за незалежнасць Эстоніі ў канцы 1918 года. Да 1925 года стала зразумела, што Злучанае Каралеўства палічыла б за лепшае дыстанцыявацца ад спраў Балтыйскіх краін. Англа-нямецкае марское пагадненне, падпісанае 18 чэрвеня 1935 года, яшчэ больш абмежавала прысутнасць Брытаніі і пагоршыла непажаданую прысутнасць Нямеччыны ў Балтыйскім моры. Але Вялікая Брытанія і Францыя як краевугольныя камяні Версальскай сістэмы заставаліся як палітычна, так і культурна важнымі фактарамі замежнай палітыкі Эстоніі.
Здавалася цалкам натуральным інвеставаць у супрацу паміж суседзямі-аднадумцамі. У першай палове 1920-х гадоў Эстонія была ініцыятаркай і актыўна падтрымлівала іншыя ініцыятывы супрацоўніцтва ў галіне рэгіянальнай бяспекі паміж Фінляндыяй, Эстоніяй, Латвіяй, Літвой і Польшчай.
Мэтай Балтыйскіх канферэнцый было дасягненне больш цеснай каардынацыі замежнай палітыкі дзяржаў, якія сутыкнуліся з агульнай пагрозай зыходзячай ад Савецкага Саюза і асцерагаліся ўзрастання ўплыву рэваншысцкіх сіл, насоўвання буры ў дэмакратычнай Веймарскай рэспубліцы. На жаль, вайна і спыненне дыпламатычных дачыненняў паміж Польшчай і Літвой падарвалі далягляды больш цеснага супрацоўніцтва ў Балтыйскім рэгіёне. Фінляндыя агулам успрымалася як балтыйская дзяржава, але яна пачала дыстанцыявацца ад балтыйскіх праблем і рабіла (спачатку вельмі бясплодныя) спробы далучыцца да супрацоўніцтва традыцыйна нейтральных краін Паўночнай Еўропы. Ідэя стварэння шырокай «Лігі Балтыйскай абароны» правалілася і толькі часткова матэрыялізавалася ў двухбаковым абаронным пагадненні паміж Латвіяй і Эстоніяй ад 1 лістапада 1923 года. Гэты альянс абавязаў абедзве дзяржавы надаваць неадкладную двухбаковую дапамогу ў выпадку несправакаванай агрэсіі. Стварыць такі саюз не ўдалося, але гэта не касуе таго факта, што адзіным рэальным вайсковым хаўруснікам Эстоніі паміж дзвюма сусветнымі войнамі была Латвія, блізкі сусед, з вельмі падобным негатыўным гістарычным досведам: тры стагоддзі сярэднявечнай інфлянцкай дзяржаўнасці, за якой рушыла ўслед кіраванне Польшчы, Швэцыі і Расеі. Праз адзінаццаць гадоў, у Жэневе, Эстонія, Латвія і Літва падпісалі «Пакт аб супрацоўніцтве, згодзе і ўзаемнай дапамозе» ад 12 верасня 1934 года.
Мэтай Пакта было правядзенне супольнай замежнай палітыкі. Гэты саюз таксама стаў вядомы як «Балтыйская Антанта», але ён не валодаў дастатковай практычнай значнасцю, бо ўспрыманне пагроз бакамі адрознівалася: Эстонія і Латвія бачылі ў Савецкім Саюзе галоўную пагрозу сваёй незалежнасці і падтрымлівалі дружалюбныя стасункі з Польшчай, у той час як Літва ўважала Польшчу і Нямеччыну ключавымі пагрозамі свайму існаванню. Тым не менш, нават сімвалічнае «Балтыйскае адзінства» паміж Эстоніяй, Латвіяй і Літвой заклала трывалую аснову як для цеснага супрацоўніцтва паміж іх дыпламатычнымі карпусамі, так і для супольных дзеянняў аб'яднанняў нацыянальных меншасцяў гэтых краін на Захадзе падчас савецкай акупацыі.
У першыя гады пасля Першай сусветнай вайны існавала некаторая надзея на эфектыўнасць мірных ініцыятыў Лігі Нацый. Гэтая надзея выявілася марнай, бо асобныя вялікія дзяржавы не ўступілі ў саюз, а таталітарныя рэжымы ў Савецкім Саюзе, Італіі, Нямеччыне і Японіі адкрыта ігнаравалі прынцыпы калектыўнай бяспекі і раззбраення. У выніку ўнутранага крызісу, выкліканага Вялікай дэпрэсіяй у 1934 годзе, Эстонія стала на аўтарытарны шлях, што адштурхнула некаторых сяброў Эстоніі сярод дэмакратычных краін Паўночнай Еўропы. Нават пры адносна мяккім аўтарытарным кіраванні Канстанціна Пятса (1934–1940), у так званую “Эпоху маўчання”, Эстонія заставалася бяспечным сховішчам для нацыянальных этнічных і рэлігійных меншасцей, якія захоўвалі істотную культурную аўтаномію. У Эстоніі былі цалкам забароненыя фашысцкія, нацысцкія і камуністычныя арганізацыі. У 1934 годзе, праз год пасля прыходу да ўлады нацыстаў у Германіі, у Тартускім універсітэце быў адкрыты факультэт юдаікі. У 1936 годзе, уплывовы лонданскі штотыднёвік «The Jewish Chronicle»« («Юдэйскія хронікі») назваў Эстонію «аазісам талерантнасці».
Нацысты захапілі Аўстрыю і Чэхаславаччыну, і двухбаковыя дамовы аб ненападзе (з Савецкім Саюзам 4 траўня 1932 года і з нацысцкай Германіяй 7 чэрвеня 1939 года) як і палітыка нейтралітэту здаваліся апошняй надзеяй на захаванне гэтага «аазіса». Эстонія, Латвія і Літва прыйшлі да дамоўленасці аб прыняцці агульнага для трох краін закона аб нейтралітэце на Канферэнцыі міністраў замежных спраў Балтыі 18 лістапада 1938 года ў Рызе. Парламент Эстоніі ратыфікаваў гэты закон 1 снежня 1938 года. «Закон аб нейтралітэце Эстоніі» быў прыняты па прыкладзе Дэкларацыя Швэцыі «Аб нейтралітэце» ад 29 траўня 1938 года. Эстонія заявіла аб сваім строгім нейтралітэце ў першы дзень Другой сусветнай вайны, як і іншыя краіны Паўночнай Еўропы і Балтыі. Кіраўніцтва Эстоніі спадзявалася, што асцярожнае балансаванне паміж Савецкім Саюзам і Нямеччынай сапраўды забяспечыць незалежнасць Эстоніі.
Аднак нацысцкая Германія і Савецкі Саюз вызначылі лёс Эстоніі, таксама як і Фінляндыі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Румыніі, падпісаўшы пакт ад 23 жніўня 1939 г. і дадатковыя сакрэтныя пратаколы да яго. Савецкі Саюз, застаючыся фармальна нейтральнай краінай, уварваўся ў Польшчу і вымусіў Эстонію (28 верасня 1939 года), Латвію (5 кастрычніка 1939) і Літву (10 кастрычніка 1939) падпісаць пагадненні аб савецкіх вайсковых базах на тэрыторыі гэтых краін. Пасля супольнага нацысцка-савецкага нападу і разбурэння Польшчы, якая з'яўлялася адной з ключавых краін у рэгіёне, падавалася, што няма ніякіх шанцаў на паспяховае ўзброенае супраціўленне. Эстонія і суседнія краіны Балтыі працягвалі падкрэсліваць свой нейтралітэт пакуль працягвалася вайна, падпарадкоўваючыся ўзрастаючым патрабаванням Савецкага Саюза. Фінляндыя ж супраціўлялася Савецкаму Саюзу і адмаўляючыся выконваць гэтыя патрабаванні.
У час Зімовай вайны (з 30 лістапада 1939 года да 12 сакавіка 1940 года) Вайскова-паветраныя сілы Савецкага Саюза выкарыстоўвалі свае базы, размешчаныя на тэрыторыі нейтральнай Эстоніі, для бамбавання Хельсінкі і іншых частак Фінляндыі. Усе выдатна разумелі, што савецкія бамбавікі ўзлятаюць з аэрадромаў, размешчаных на тэрыторыі акупаванай Эстоніі, і парушаюць паветраную прастору Фінляндыі, аднак улады Эстоніі афіцыйна адмаўлялі гэты факт, як і парушэнне Савецкім Звязам нейтралітэту Эстоніі. У той жа час вайсковай выведка Эстоніі інфармавала фінаў аб атаках савецкіх бамбавікоў і дапамагала Фінляндыі падрыхтавацца да нападаў. Насельніцтва Эстоніі аднадушна падтрымала Фінляндыю ў вайне супраць савецкіх захопнікаў, а эстонскія добраахвотнікі ўступалі ў рады Фінскага войска.
Гісторыя паўтараецца: Расея напала на Украіну з тэрыторыі суседняй Беларусі ў лютым 2022 года. Але ў адрозненне ад Эстоніі ў 1939-1940 гадах, беларускія ўлады ахвотна падтрымлівалі сваіх расейскіх хаўруснікаў, напрыклад, падаючы лагістычную падтрымку. Ніхто не пытаўся ў народа Эстоніі ў 1939-1940 гадах, таксама як ніхто не пытаўся ў народа Беларусі ў 2022 годзе. Тым не менш, Крэмль меў аднолькавыя мэты: пасварыць эстонцаў з фінамі раней, і пасварыць беларусаў з украінцамі цяпер, divide et impera.
Падпольнае супрацоўніцтва выведак Эстоніі і Фінляндыі падчас Зімовай вайны з Савецкім Звязам не змяніла таго факта, што нейтралітэт і незалежнасць Эстоніі сталі проста ілюзіяй. Па большай частцы, Эстонія не стала выключэннем: у красавіку 1940 года Нямеччына ўварвалася ў нейтральную Данію і нейтральную Нарвегію. Толькі Швэцыя змагла пазбегнуць парушэння свайго нейтралітэту, якой яго ўдавалася захоўваць цягам доўгага часу падчас Другой сусветнай вайны, аднак толькі коштам шматлікіх абмежаванняў.
Савецкі Саюз зрынуў урады Эстоніі, Латвіі і Літвы і анэксаваў гэтыя краіны ў жніўні 1940 года пакуль Францыя знаходзілася пад акупацыяй Нямеччыны ў чэрвені 1940 года. Крэмль жа, сярод іншага, абвінаваціў вельмі асцярожныя, нейтральныя і лаяльныя ўрады Эстоніі, Латвіі і Літвы ў тым, што яны не былі дастаткова нейтральнымі. Крэмль заўсёды лёгка знаходзіў «довады» для ілжывых абвінавачванняў: адным з ключавых абвінавачанняў Савецкага Саюза на адрас нейтральных краін Балтыі было існаванне вышэйзгаданай злашчаснай «Балтыйскай Антанты», якая ніколі не мела вайсковай накіраванасці, і ніколі раней не прыцягвала ўвагі Крамля. Насамрэч «Балтыйская Антанта» была толькі платформай для перамоваў трох нейтральных дзяржаў, а не асновай для змоў супраць каго-небудзь.
Пастанова краін Балтыі скасаваць усё супрацоўніцтва і не надаваць узброенае супраціўленне для абароны незалежнасці не дапамаглі пазбегнуць абвінавачанняў з боку Крамля і не пазбавіла іх ад палітыкі тэрору, накіраванай супраць іх народаў. У 1941 годзе прыйшла нямецкая акупацыя, якая доўжылася да 1944 года, а затым яна змянілася акупацыяй савецкай (1944-1991). Дэмакратычныя краіны Захаду асудзілі акупацыю трох краін Балтыі, адмовіліся прызнаць іх анэксію і працягвалі прызнаваць дыпламатычныя прадстаўніцтвы і пашпарты грамадзян краін Балтыі. Але яны не змаглі пазбегнуць зверстваў нацыстаў і СССР на тэрыторыі акупаваных дзяржаў: масавыя забойствы і дэпартацыі, Халакост, канфіскацыя ўласнасці, чысткі інтэлектуальных і палітычных эліт, вялізная шкода навакольнаму асяроддзю, агрэсіўныя кампаніі асвятлення і русіфікацыі.
Правал палітыкі нейтралітэту і страта незалежнасці сталі прычынай таго, што прадстаўнікі краін Балтыі ў свабодным свеце адразу ж з энтузіязмам успрынялі стварэнне NATO 4 красавіка 1949 года. У той жа дзень выканаўца абавязкаў генеральнага консула Эстоніі Ёханэс Кайв адправіў паведамленне дзяржсакратару ЗША Дзіну Ачэсану, аб тым, што Эстонія, незаконна акупаваная і знаходзіцца пад прыгнётам Савецкага Саюза, «не атрымала магчымасці праявіць сваю жывую цікавасць да гэтай дамовы».2 Аналагічныя заявы зрабілі дыпламаты Латвіі і Літвы. Важнасць трансатлантычнага вайсковага супрацоўніцтва і гарантый бяспекі пасля Другой сусветнай вайны выразна ўсведамлялі Данія і Нарвегія, нейтралітэт якіх быў парушаны падчас вайны і якія ўвайшлі ў склад дзяржаў-заснавальнікаў NATO.
Разуменне таго, што NATO будзе адзінай магутнай і годнай даверу сілай, якая будзе даваць гарантыі бяспекі перад тварам савецка-расейскай тыраніі, падзялялі многія ў акупаванай Эстоніі, у тым ліку маладое пакаленне эстонскіх студэнтаў, якія, падчас праўлення Брэжнева, нават прысвяцілі NATO песню. Адзін са студэнтаў - Март Лаар - стаў прэм'ер-міністрам пасля аднаўлення незалежнасці Эстоніі і заклаў аснову для ўступлення Эстоніі ў ЕЗ і NATO.
Дэбаты аб палітыцы бяспекі краін Балтыі, якія пачаліся пасля аднаўлення дзяржаўнасці, пакідалі мала магчымасцяў для захавання нейтралітэту - быў наглядны і гнятлівы гістарычны досвед. Эстонія, Латвія і Літва змаглі ўмацаваць існы кансэнсус у дачыненні да NATO пасля вываду рэштак былых савецкіх войскаў з краін Балтыі ў 1994 годзе. Выбітная дыпламатыя і падтрымка краін-аднадумцаў далі добрыя вынікі, і яны скончылі працэс уступлення ў NATO і ЕЗ праз дзесяць гадоў. Гэтае дзесяцігоддзе было
неабходнае для структурных змен і дэмакратызацыі грамадства. Ніхто не змог уявіць сур'ёзных аргументаў на карысць нейтралітэту краін Балтыі. Расея ж, у сваю чаргу, аднавіла рэалізацыю сваіх імперыялістычных планаў.
29 сакавіка 2024 года Эстонія, Латвія і Літва разам з Балгарыяй, Румыніяй, Славаччынай і Славеніяй адзначаюць сваё 20-годдзе як дзяржавы-чальцы NATO. Гісторыя савецка-нацысцкага супрацоўніцтва, «Халоднай вайны» і яе працягу пасля падзення Берлінскай сцяны давяла, што нейтралітэт у Еўропе - гэта ілюзія, якая можа існаваць толькі па суседстве з квітнеючымі і прадказальнымі дзяржавамі-чальцамі NATO і за іх кошт.
Устойлівае грамадства, моцнае войска і актыўнае чаленства ў NATO - гэта адзіная альтэрнатыва для таго, хто хоча заставацца свабодным у небяспечным суседстве з Расеяй і трымацца далей ад яе разбуральнага ўплыву.
Сільвер Лойт вывучаў гісторыю ў Тартускім універсітэце і Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, дактарант-даследчык у галіне эстонскай дыпламатыі, эстонска-польскіх дачыненняў і дыпламатычнага пратакола ў Эстоніі паміж дзвюма сусветнымі войнамі.
На дыпламатычнай службе Эстоніі працуе з 2007 года. У 2010-2013 і 2019-2021 гадах працаваў у Пасольстве Эстоніі ў Расеі, займаючыся пытаннямі расейскай унутранай палітыкі і правоў чалавека, 2013-2016 намеснік кіраўніка місіі і консул у Пасольстве Эстоніі ў Ізраілі. З 2021 года працуе ў Эстонскім цэнтры міжнароднага развіцця.