BE RU EN

Апошнія 15 гадоў у розных рэгіёнах Беларусі фіксуюць масавы мор рыбы

  • 18.06.2024, 10:40

Экспэрты расказалі, з чым гэта звязана.

На вадасховішчы Рудзея на мяжы Магілёўскага і Чавускага раёнаў адбыўся масавы мор рыбы. У сацсетках з'явіліся фатаграфіі буйных мёртвых карасёў, якія плаваюць на паверхні дагары жыватамі.

Месца здарэння абследавала камісія, кажа ў каментары дзяржаўных СМІ прадстаўнік Магілёўскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Дзмітрый Мельнікаў: «Даследаваўшы на лодцы вадаём, налічылі амаль 50 загінулых карасёў. Усе асобіны, мяркуючы з вагі, а яна вагаецца ад 700 грамаў да паўтара кілаграма, не маладыя, а ў веку». Прыродаахоўнік адзначае, што рыбы загінулі, калі ўжо аднераставалі.

Экспэртыза вады паказала, што хімікаты з палёў у вадасховішча не патрапілі, чалавечага ўздзеяння на мор рыбы няма. «І кісларод у Рудзеі ў норме: шэсць міліграмаў на літр. Пры такім утрыманні выжыве нават капрызная стронга», - дадае Мельнікаў.

Намеснік дырэктара Інстытута рыбнай гаспадаркі кандыдат біялагічных навук Уладзімір Каставусаў канстатуе, што такія выпадкі мора рыбы ў пачатку чэрвеня фіксуюцца апошнія гадоў 10-15 у розных рэгіёнах Беларусі. У групу рызыкі трапляе менавіта сярэбраны карась праз тыдзень-два пасля нерасту.

«У гэты час года вада ў азёрах і сажалках моцна праграецца, квітнее з-за біягенных рэчываў, якія трапляюць у яе, раскладзеная арганіка ў выглядзе травы і лістоты. Багавінне, праз якое вадаёмы становяцца падобныя на зялёнку, адміраючы, кладуцца на дно. Карась, ядучы іх з дэтрытам, глеем, атрымлівае порцыю цыянотаксінаў», - тлумачыць навуковец. У нармальным стане гэтыя атрутныя рэчывы карасёў не забіваюць. Але пасля нерасту імунная сістэма рыб моцна слабее, таму яны паміраюць ад інтаксікацыі.

Са слоў Каставусава, раней дзяржава кантралявала разнастайнасць відаў і колькасць рыбы ў вадаёмах. Напрыклад, з Чыгірынскага вадасховішча за год вылоўлівалі на продаж блізу 100 тон карася. Цяпер жа там засталіся толькі рыбаловы-аматары. У выніку зараз папуляцыя карася на піку. Экспэрты мяркуюць, што сітуацыя з чэрвеньскай загубай рыбы будзе паўтарацца, пакуль колькасць рыб не ўрэгулюецца натуральным або штучным чынам.

Апошнія навіны