У Расеі знайшлі кнігу, якая належала асабіста Сімяёну Полацкаму
- 18.06.2024, 17:13
Што вядома аб сенсацыйнай знаходцы.
Гісторык Мікалай Нікалаеў з Санкт-Пецярбурга паведаміў аб знаходцы кнігі, якая належала асабіста Сімяёну Полацкаму. Сімяён Полацкі (1629—1680) быў вядомым праваслаўным дзеячам, паэтам, драматургам і філосафам. Навіна аб такой сенсацыйнай знаходцы была апублікаваная на старонцы Мікалая Нікалаева ў Facebook.
«Патэлефанавалі рэстаўратары: мы тут кніжку рэстаўравалі, Евангелле на арабскай і лацінскай мовах з друкарні Медычы, Рым, 1591 год, - піша Нікалаеў. — І знайшлі ў напаўненні вокладкі шмат грэцкіх рукапісных лісткоў. А на апошняй старонцы нейкія славянскія і лацінскія запісы. Можа, зірняце? Падышоў, зірнуў: лацінскай мовай аб прыналежнасці кнігі іераманаху базыльянскага ордэна Сімяёну Піятроўскаму Сітніяновічу. Што значыць - Сімяёну Полацкаму. Яго рукой. Сенсацыя. Пасля вывучэння магутна прагучыць», - напісаў гісторык.