«З такой цаной яна там пяцігодку ляжаць будзе»
- 19.06.2024, 8:02
Беларусаў уразіла цана рыбы ў менскім супермаркеце.
Жыхар Менска падзяліўся ў цік-току відэаролікам, у якім прадэманстраваў цану вяленай корушкі ў адной з папулярных гандлёвых сетак. Высветлілася, што за кіло такой рыбы давядзецца выкласці ажно 165 беларускіх рублёў, заўважыў Telegraf.news. І гэта на акцыі.
Звышдарагую корушку мужчына заўважыў у адной з крам гандлёвай сеткі «Карона».
Мяркуючы з інфармацыі на цэнніку, цана 165 рублёў - акцыйная. А без уліку зніжкі кілаграм вяленай корушкі з ікрой з Расеі каштаваў бы наогул у 199,95 рубля.
«Адкуль такі кошт на гэтую рыбу? Гэта ж не нейкі там асетр, тунец ці марлін. Чаму яна каштуе такіх грошай, хто ведае?», - пытаецца аўтар відэароліка.
Многія карыстальнікі сацсеткі падзялілі здзіўленне аўтара, прытым некаторыя жартавалі, а іншыя абураліся.
«З Сахаліна да Менска на таксі ехала», - пажартаваў адзін каментатар, а іншы дадаў: «Прытым кожная на асобным таксі».
«Я ў шоку. Краб Камчацкі каштуе 99,99 рублёў. А тут ... », - абурыўся іншы карыстальнік.
Некаторыя каментатары спаслаліся на палітыку крамы. Маўляў, у «Кароне» заўсёды вялікая нацэнка. Нехта мяркуе, што яе няпроста здабываць. Знайшліся і тыя, хто палічыў такую цану апраўданай.
«Гэта далёкаўсходняя корушка, а не ваша звычайная па 5см. Яна вялікая і ікорная. На смак я лепш вяленай рыбы не еў! Але галоўнае, каб яна была не перасушаная і не ляжала паўгода», — напісаў адзін каментатар, на што з ім не пагадзіліся, маўляў, «з такой цаной яна там пяцігодку ляжаць будзе».
Некаторыя каментатары падалі кошт гэтай рыбы ў розных сеткавых крамах.
«У Святлафоры 6,99 за кг марожанай», - заўважыў адзін каментатар. Іншы ў «Гіпа» бачыў корушку халоднага вэнджання па 26 руб за кілаграм. «Кіло свежамарожанай корушкі а інтэрнэт-краме каштуе 25 рублёў. Астатняе ўзялі «за вэнджанне», - заявіў яшчэ адзін.
Дарэчы, кілаграм менавіта вяленай корушкі з ікрой каштуе досыць дорага і ў іншых крамах. Так, напрыклад, на сайце Beluga. by за кілаграм вяленай далёкаўсходняй корушкі з ікрой просяць 85 рублёў. Але купіць такую рыбу без ікры можна значна танней. Так, у e-дастаўцы кіло нетрыбушонай сушана-вяленай корушкі каштуе 34,95 рубля.