Пад удар РФ патрапіў Навукова-даследчы інстытут у Львове
- 19.06.2024, 10:17
Адломкі БПЛА разбурылі дах, сцены і перакрыцце другога паверха.
У Львове фіксуюць наступствы пасля нападу дронаў РФ. Прынамсі, у горадзе пашкоджаны будынак Навукова-даследчага інстытута.
Аб гэтым піша РБК-Украіна са спасылкай на Telegram мэра Львова Андрэя Садовага, Telegram кіраўніка Львоўскай АВА Максіма Казіцкага.
«Фіксуем яшчэ адно разбурэнне ў выніку начнога нападу «шахедаў». Навукова-даследчы інстытут у Львове», - напісаў ён, паказаўшы фота.
Пазней кіраўнік АВА адзначыў, што адломкі варожых беспілотнікаў у Львове сапраўды пашкодзілі адміністрацыйны будынак Дзяржаўнага навукова-даследчага кантрольнага інстытута ветэрынарных прэпаратаў і кармавых дабавак.
«Адломкі БПЛА разбурылі дах, сцены і перакрыцце 2 паверха прыблізна на плошчы 800 квадратных метраў», - дадаў Казіцкі.
Нагадаем, у ноч на 19 чэрвеня расейскія войскі зноў атакавалі Украіну дронамі-камікадзэ. Дарэчы, у Львоўскім раёне праз падзенне абломкаў дронаў два чалавекі былі параненыя.