Відэа: Карэйскі чыноўнік выгнаў Лаўрова і ўвайшоўшых у залу раней за кіраўніка КНДР міністраў Пуціна
- 19.06.2024, 14:40
Лаўроў пры гэтым «нечым выпацкаўся».
Паўночнакарэйскі чыноўнік выгнаў з залы пасяджэнняў міністраў урада РФ, якія паспяшаліся заняць памяшканне да таго, як туды ўвайшоў кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын. Кадры інцыдэнту патрапілі на жывую трансляцыю, якую вялі СМІ Паўночнай Карэі.
Першым у залу ўваходзіць міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў і ахкае ад стомы, сядаючы за стол, пасля чаго наракае, што нечым выпацкаўся. Побач з Лаўровым садзяцца першы віцэ-прэм'ер Дзяніс Мантураў і віцэ-прэм'ер Віталь Савельеў. На кадрах трансляцыі таксама бачныя віцэ-прэм'ер Аляксандр Новак, міністр абароны Андрэй Белавусаў, міністр аховы здароўя Міхаіл Мурашка і кіраўнік Раскосмасу Юрый Барысаў.
«Выйдзіце ў хол», - неўзабаве камандуе расейскім міністрам паўночнакарэйскі чыноўнік, які знаходзіцца за кадрам.
«А навошта мы сюды зайшлі? Вы б адразу папярэдзілі…» - здзіўляецца ў адказ чыноўнік з урадавай світы.
«Спачатку ўвойдзе наш кіраўнік», – тлумачыць паўночнакарэйскі чыноўнік.
На гэтых словах трансляцыя абрываецца, пасля чаго ідуць кадры пустой залы пасяджэнняў, у якой крыху пазней пачынаюцца расейска-карэйскія перамовы ў пашыраным складзе на чале з Уладзімірам Пуціным і Кім Чэн Ынам.