Пераможца «Ралан Гарос» папрасіў перанесці свой матч, каб падтрымаць Гішпанію на Еўра
- 19.06.2024, 19:19
У выніку матч тэнісіста супраць брытанца паставілі на поўдзень, каб абодва паспелі паглядзець футбол.
Другая ракетка свету Карлас Алькарас папрасіў арганізатараў турніру ATP-500 у Лондане паставіць ягоны матч на больш ранні час, каб ён змог паглядзець матч камандаў Гішпаніі і Італіі на Еўра-2024. Пра гэта паведамляе Eurosport.
У Алькараса на 20 чэрвеня запланаваны матч другога кола супраць брытанца Джэка Дрэйпера (31-ы ў рэйтынгу). У гэты ж дзень на Еўра пройдуць матчы Гішпанія – Італія і Данія – Англія.
Пасля перамогі ў першым матчы над аргенцінцам Франсіска Сэрундола напярэдадні гішпанец сказаў, што паспрабуе дамовіцца з арганізатарамі.
«Еўра праводзіцца раз на чатыры гады, цяпер час глядзець гульні і падтрымліваць Гішпанію», – сказаў Алькарас.
Нягледзячы на тое, што Алькарас атрымаў на турніры першы нумар пасеву, ягоны матч супраць Дрэйпера ў выніку пастаўлены не на вечар, а на дзень (15:30 паводле Менска). Гэты варыянт дазволіць падтрымаць сваю каманду і Дрэйперу – Англія згуляе з Даніяй у 19:00 паводле Менска.
Матч Гішпанія – Італія пачнецца а 22-й паводле Менска.
Прызавы фонд турніру ў Лондане перавышае €2,2 млн.