Менчукі зрабілі шыкоўны рамонт у панэльцы ў Сухараве
- 19.06.2024, 22:50
Колькі выдаткавалі?
Часам звычайныя панэлькі хаваюць у сабе цуды дызайну. Не верыце? Тады вось вам прыклад – кватэра ў Сухараве, дзе схаваліся ну вельмі стылёвыя кухня з гасцёўняй, піша «Анлайнер».
Калісьці тут панаваў класічны еўрарамонт, а цяпер – вось такая прыгажосць. Афармленнем інтэр'еру займалася дызайнерка Вера Купрыянава. На рамонт пайшло два месяцы і блізу 27000 даляраў паводле курсу. Ацэньваем вынік.
– Да мяне звярнулася сталая сямейная пара з просьбай абнавіць кухню і гасцёўню. Натхніўшыся дызайнерскімі інтэр'ерамі, убачанымі ў кватэрах у сваіх дзяцей, яны захацелі не адставаць ад іх і загарэліся ідэяй рамонту, – расказала дызайнерка Вера Купрыянава. – Абстаноўка на той момант узору 2010 года была вельмі нядрэнная. Адчувалася, што замоўцы валодаюць добрым густам, не баяцца ніякіх складанасцяў, шануюць цікавыя ідэі і якасныя матэрыялы.
Першапачаткова ўласнікі пажадалі аформіць памяшканні ў стылі мінімалізм, але ў працэсе абмеркавання стала зразумела, што любоў да класікі людзям так проста не перамагчы. Таму Вера проста дадала да яе прыстаўку «неа». Так у кватэры з'явіліся молдынгі і ляпніна, элементы дэкору «ў золаце»: ад змяшальніка і ракавіны на кухні да свяцільняў. Сам інтэр'ер афарбаваўся ў светлыя адценні з украпінамі сіняга – гэты колер вельмі падабаўся гаспадыні (яна нават папрасіла дадаць яго на кухню).
Панэльны дом таксама дыктаваў свае правілы. Трэба было неяк захаваць вышыню і без таго нізкіх столяў (2,5 метра). Для гэтага дызайнерка ўжыла шэраг прыёмаў: разводку электрыкі схавала ў тоўшчы аздобнага пласту, а каб выцягнуць прастору, выкарыстоўвала вертыкальныя молдынгі і бра. А светлыя тоны і струменістыя фіранкі дапамаглі ёй «растварыць» пераход ад сценаў да столі.
– Паміж кухняй і гасцёўняй ужо была ўзаконеная арка, якую мы пашырылі да максімальна дапушчальнага памеру. Праём мы ўзмацнілі металаканструкцыяй. Так мы здолелі візуальна павялічыць гэтую зону і ўпусціць у яе больш натуральнага святла.
Падлога гасцўёні выкладзеная «ялінкай» – гэта ламінат. Ён складаецца з асобных планак, а не суцэльнай маналітнай пліты, мантуецца на клей. Каштаваў танней за паркет, а вонкава ад яго не вельмі адрозніваецца. Кухня аформленая гішпанскай пліткай. Вы толькі паглядзіце на гэты стык матэрыялаў!
Кухня выкананая ў бела-сіняй каляровай гаме. Паверхня скрыняў у асноўным гладкая, зробленая з фарбаванага МДФ. Частка фасадаў адсутнічае – гэты прыём дадае пакою лёгкасці.
– У праекце цікава развязаная праблема з вентыляцыйным дыфузарам. Даволі часта ён не ўпісваецца ў інтэр'ер, таму мы звычайна выводзім вентыляцыю ў верхнюю кухонную шафку і дадаем акуратныя прарэзы для паветраабмену. Тут гэтая ідэя была рэалізаваная ў пенале з духавой шафай.
Скіналі і стальніцу дызайнерка хацела выканаць у адзінай стылістыцы – пад мармур. Рабіць усё са штучнага каменю ці керамаграніту атрымалася б занадта дорага. Таму было пастаноўлена вырабіць стальніцу з пастформінгу, а скіналі – са сценавых панэляў з той самай калекцыі.
Таксама на кухні знайшлося месца барнай стойцы (яна стала заменай прываконню) і вітрыне з танаваным шклом.
У гасцёўні размясцілася канапа, ТВ-зона з даўгаватай формай, абедзенны стол у такой самай мармуровай расфарбоўцы і некалькі крэслаў. Аднак усю ўвагу да сябе прыкоўвае незвычайны дэкор сценаў – залатыя птушкі.
– Мы маглі спрасціць задачу і проста нанесці на сцяну фрэску з іх выявай, але тады частка птушачак перакрывалася б молдынгамі і свяцільнямі. Кампазіцыя выглядала б неідэальна. Таму мы звярнуліся да мастака, які зрабіў роспіс уручную.
Уся мэбля ў кухні і гасцёўні вырабленая паводле эскізаў дызайнеркі (ажно да канапы). Абіўка павінна была спалучацца з тэкстылем па ўсёй кватэры, а форма – быць мяккай і вытанчанай.
На рамонт кухні і гасцёўні ў каманды дызайнеркі пайшло крыху больш за два месяцы. На афармленне двух памяшканняў плошчай 27 «квадратаў» спатрэбілася блізу 27000 даляраў паводле курсу.