BE RU EN

Беларускі пісьменнік Саша Філіпенка стаў галоўным лаўрэатам швэйцарскай літаратурнай прэміі ProLitteris

  • 22.06.2024, 13:22

«Яго гумар геніяльны».

У канцы чэрвеня швэйцарскае таварыства абароны аўтарскіх правоў ProLiterris уручыць галоўную прэмію памерам 40 тысячаў швэйцарскіх франкаў (блізу 150 тысячаў рублёў) беларускаму пісьменніку Сашу Філіпенку. Журы назвала выдатнымі ягоныя дасягненні ў галіне літаратуры. Акрамя атрымання галоўнага прыза, Саша Філіпенка атрымаў права вызначыць атрымальніка спонсарскага прыза 10 тысячаў франкаў.

Прэмія ProLiterris штогод уручаецца за выдатныя дасягненні ў галіне літаратуры і мастацтва. Выбар на карысць Сашы Філіпенкі незалежнае журы сёлета патлумачыла так:

«Саша Філіпенка нарадзіўся ў 1984 годзе. Нягледзячы на ягоны юны ўзрост, творчасць пісьменніка, які нарадзіўся ў Беларусі і жыве ў выгнанні ў Базэлі, плённая: пяць раманаў, дзве п'есы і шматлікія публікацыі ў прэсе. Ягоныя працы апублікаваныя швэйцарскімі выдавецтвамі Diogenes і Noir sur Blanc і атрымалі міжнароднае прызнанне. Кнігі Сашы Філіпенкі заснаваныя на дбайным дакументальным даследаванні, матэрыяле, які ён лінгвістычна наватарскім і разумным спосабам ператварае ў мастацкую літаратуру.

Саша Філіпенка валодае здольнасцю пакаваць гнятлівыя акалічнасці ў моцныя метафары, каб зрабіць абсурднасць палітычных і экзістэнцыйных сітуацый адчувальнай на дотык. …> Ягоны гумар геніяльны, і на прыкладзе чалавечых лёсаў набліжае да чытача складаныя гістарычныя кантэксты. …>

Узнагароджваючы Сашу Філіпенку, журы таксама хацела б адзначыць аўтара, чыя кар'ера была спалучаная са значнымі асабістымі і палітычнымі рызыкамі, што знайшлі адлюстраванне ў ягоных творах. Саша Філіпенка – важны сведка, які робіць свой унёсак у пабудову мастоў да разумення сённяшняй геапалітычнай сітуацыі».

Атрымальнік галоўнага прыза ProLiterris павінен вызначаць таго, хто атрымае спонсарскі прыз. Саша Філіпенка абраў швэйцарскую пісьменніцу і перакладніцу Мод Мабілар, якая нарадзілася ў 1975 годзе ў Жэневе.

Апошнія навіны