Данія правяла сакрэтную аперацыю па F-16 для Украіны
- 28.06.2024, 22:54
Стала вядома, калі прыбудзе першы знішчальнік.
У Даніі скончылі падрыхтоўку 50 спецыялістаў па рабоце са знішчальнікамі F-16. Большасць з іх вярнуліся ва Украіну, каб дапамагчы ў падрыхтоўцы першых баявых самалётаў.
Пра гэта распавёў кіраўнік Вайскова-паветраных сіл Даніі Ян Дам у інтэрв'ю. Журналісты называюць падрыхтоўку вайскоўцаў і перадачу самалётаў адной з самых сакрэтных вайсковых аперацый Даніі. Са слоў Дама, на дасягненне вызначальнага аператыўнага эфекту могуць спатрэбіцца «месяцы і гады».
«На гэтыя знішчальнікі ўскладаюцца вельмі вялікія спадзяванні. І мы, мабыць, мусім быць больш рэалістычнымі. F-16, безумоўна, паўплываюць, але яны не зменяць правілы гульні. Ні ў гэтым месяцы, ні ў найбліжэйшыя месяцы», - растлумачыў ён.
Для эфектыўнага выкарыстання F-16 патрабуецца працяглае развіццё ўкраінскіх Паветраных сіл, наяўнасць правільных боепрыпасаў і адаптацыя да складаных баявых задач. «Мая рэкамендацыя ўкраінцам - навучыцца добра карыстацца гэтымі самалётамі, перш чым браць на сябе ўсякія рызыкоўныя місіі. І менавіта пра гэта я кажу з камандуючым Паветраных сіл Украіны», - дадаў Дам.
Вайсковец кажа, што мінулы год на авіябазе Скрыдструп быў вельмі напружаным, бо на падрыхтоўку пілотаў F-16 трэба тры-чатыры гады, а ўкраінцаў навучаюць шэсць-восем месяцаў.
«Цяпер яны адпрацоўваюць начныя палёты, нягледзячы на тое, што ў нас самыя кароткія ночы за год. Але мы проста вымушаныя гэта рабіць, каб прайсці праграму», - тлумачыць ён.
Данія плануе падрыхтаваць да канца года амаль 20 пілотаў, яшчэ блізу 100 навучаць выконваць дапаможныя задачы. «Мы скончылі падрыхтоўку першых 50, большасць з якіх паехалі дадому, каб дапамагчы ў падрыхтоўцы першых баявых самалётаў. Адразу пасля летніх канікулаў мы пачнём падрыхтоўку наступных 50», - сказаў Дам, адзначыўшы, што першая каманда пілотаў яшчэ не цалкам падрыхтаваная, але першыя з іх «вельмі блізкія да гэтага».
Афіцыйна паведамлялася, што першы знішчальнік ад Даніі даставяць ва Украіну ўлетку. Са слоў вайскоўца, базы, з якіх будуць узлятаць F-16, «блізкія да таго, каб быць гатовымі да эксплуатацыі».
«Для расейцаў было б велізарнай стратэгічнай перамогай збіць іх, і мы робім усё магчымае, каб мінімізаваць рызыку, робячы ўкраінцаў максімальна здольнымі. Але я не магу нічога абяцаць. І, вядома, я буду вельмі засмучаны, калі адзін з іх будзе збіты», - дадаў кіраўнік ВПС.
Афіцыйна Капенгаген паабяцаў перадаць Украіне 19 сваіх знішчальнікаў F-16. Прэм'ерка Метэ Фрэдэрыксэн заяўляла, што абмежаванняў для іх выкарыстання не будзе - украінскае войска можа выкарыстоўваць знішчальнікі і за межамі сваёй тэрыторыі.