BE RU EN

Еўропа будуе на мяжы з Беларуссю «лінію Мажыно 2.0»

  • 29.06.2024, 10:16

Эксперты раскрылі планы Захаду ў стрымліванні магчымай агрэсіі.

Паралельна з тым, як ідзе вайна ва Украіне, Захад на ўсю моц рыхтуецца да верагоднага супрацьстаяння з Расеяй. Сярод іншага, краіны Еўропы, якія мяжуюць з РФ, ужо задумваюцца пра стварэнне ліній абароны ў памежжы Беларусі і Расеі. «Главред» даведваўся, калі іх пабудуюць і як могуць выкарыстоўваць супраць агрэсара.

Згодна з лістом, апублікаваным Reuters, лідары Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі заклікалі Еўрапейскі Звяз пабудаваць 700-кіламетровую абарончую лінію ўздоўж мяжы з Расеяй і Беларуссю прыкладным коштам 2,5 мільярда еўраў.

Кіраўнікі дзяржаваў, якія маюць сумежжа з краінамі-агрэсаркамі, адзначаюць, што лінія абароны неабходная для абароны ЕЗ ад ваенных пагрозаў і іншых дзеянняў з боку РФ.

«Стварэнне сістэмы абароннай інфраструктуры ўздоўж знешняй мяжы ЕЗ з Расеяй і Беларуссю дасць магчымасць задаволіць вострую і надзённую патрэбу ў абароне ЕЗ ад ваенных і гібрыдных пагрозаў», – гаворыцца ў дакуменце.

Сярод іншага, пад гібрыднымі пагрозамі маецца на ўвазе спалучэнне ваенных і неваенных, а таксама схаваных і адкрытых сродкаў, уключаючы дэзынфармацыю, кібератакі, эканамічны націск і перапраўку мігрантаў праз межы. Прычым указваецца, што абарончыя збудаванні павінны быць пабудаваныя ў каардынацыі з вайсковымі патрабаваннямі NATO.

«Маштаб і кошт гэтага супольнага праекта патрабуюць мэтанакіраваных дзеянняў з боку ЕЗ для яго палітычнай і фінансавай падтрымкі», – гаворыцца ў лісце.

Лініі абароны NATO – колькі будуць будаваць

Варта адзначыць, што ліст лідараў Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі стаў прадаўжэннем пастановы міністраў абароны краінаў Балтыі паводле вынікаў сустрэчы ў Рызе ў студзені аб стварэнні супольнай балтыйскай зоны абароны на ўсходняй мяжы, дзе краіны мяжуюць з Расеяй і Беларуссю.

Эксперт інстытута «Інтэрмарыум» Андрэй Мартынаў звяртае ўвагу, што на актыўнасць падрыхтоўкі еўрапейскіх краінаў да магчымага супрацьстаяння з РФ паўплывала ўступленне Швэцыі і Фінляндыі ў NATO, што радыкальна змяніла суадносіны сілаў на Балтыйскім моры.

«РФ спрабуе “гібрыдна ўплываць” на краіны рэгіёну, каб дамагчыся прадаўжэння транзіту нафты праз Зундскі праліў, які кантралюецца Даніяй і максімальна мілітарызаваць Калінінградскую вобласць, каб ціснуць на Сувалкскі калідор на стыку межаў Літвы, Беларусі, Польшчы і Калінінградскай вобласці.

Яшчэ адна ўразлівасць для абароны NATO – гэта эстонскі горад Нарва і значная колькасць расейскамоўных у Латвіі. Таму рэгіён з'яўляецца максімальна ўразлівым для любых агрэсіўных дзеянняў РФ», – адзначыў Мартынаў.

Акрамя таго, паводле словаў судырэктара праграмаў знешняй палітыкі і міжнароднай бяспекі цэнтра Разумкова Аляксея Мельніка, на саміце NATO ў Вільні ў 2023 годзе Паўночнаатлантычны Альянс перайшоў да фармату абароны тэрыторыі краінаў-чальцоў.

«З часоў Халоднай вайны і да нядаўняга часу стратэгія NATO будавалася на тым, што Альянс прыйдзе на дапамогу ўжо пасля ўварвання, і палажэнне 5 артыкула Статута NATO павінна было служыць стрымлівальным чыннікам. Але відавочна, што расейская агрэсія ва Украіне пераканала ваенна-палітычнае кіраўніцтва NATO ў тым, што такія захады стрымлівання нельга называць дзейснымі», – адзначыў Мельнік. І дадаў, што NATO пачало нарошчваць сваю прысутнасць у памежжы з РФ яшчэ з 2014 года.

Паводле словаў эксперта, на Захадзе ўбачылі, што так званая лінія Суравікіна ў свой час была эфектыўнай для стрымлівання ўкраінскага контрнаступу, а недахоп ліній абароны з боку Украіны прывёў да аперацыі на Харкаўскім кірунку.

«Таму Польшча і краіны Балтыі, верагодна, мяркуюць, што варта будаваць лініі абароны як мага хутчэй, каб у выпадку, калі такая атака адбудзецца, глыбіня пранікнення на тэрыторыю магла быць мінімальнай», – сказаў Мельнік.

Як расказаў «Главреду» палітычны аналітык Дзмітрый Франчук, тэрміны будаўніцтва лініі абароны будуць залежаць ад шматлікіх чыннікаў, уключаючы фінансаванне, тэхнічныя рэсурсы і ўмовы надвор'я.

«Звычайна такія праекты могуць заняць ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Лінія абароны дазволіць умацаваць межы, павысіць узровень бяспекі і гатоўнасці да магчымай агрэсіі, а таксама забяспечыць лепшы кантроль над памежнымі раёнамі», – адзначыў эксперт.

Да чаго рыхтуецца Беларусь

Іншымі словамі, дзеянні ўкраінскіх хаўруснікаў паказваюць сур'ёзнасць адносін калектыўнага Захаду да магчымага прамога супрацьстаяння з Расеяй. Эксперты, апытаныя «Главредом», не выключаюць, што ў Еўразвязе магчымыя дыскусіі датычна будаўніцтва ліній абароны, аднак верагоднасць падтрымкі такой пастановы ў ЕЗ даволі высокая.

Падлівае алею ў агонь і раптоўная праверка Беларуссю гатоўнасці яе войскаў «да выканання задачаў прызначэння» непадалёк ад межаў краінаў NATO. Але, паводле словаў Мельніка, дзеянні Беларусі на гэтым этапе больш звязаныя з прадухіленнем міграцыйнага крызісу, які не спыняецца непадалёк ад мяжы з Беларуссю.

«Кантроль мяжы не заўсёды азначае яе абарону. Сталыя правакацыі могуць прывесці да стварэння сітуацыі, у якой могуць адбыцца несправакаваны інцыдэнт паміж вайскоўцамі ці ж адзін з бакоў можа свядома пайсці на канфрантацыю», – кажа Мельнік.

У той самы час, адзначае Андрэй Мартынаў, праверка войскаў Беларусі мае больш тактычны характар як чыннік ціску на NATO і дэманстрацыю «трываласці» хаўрусу двух дыктатараў.

«Беларусь бразгае зброяй з мэтай дамагчыся чарговых пуцінскіх субсідый, спалохаць Украіну “другім фронтам”, паказаць гатоўнасць беларускага дыктатара ў выпадку “ваеннай пагрозы” скасаваць прэзідэнцкія выбары 2025 года», – кажа Мартынаў.

Апошнія навіны