BE RU EN

WSJ: Вена стала шпіёнскім цэнтрам Пуціна ў Еўропе

  • 29.06.2024, 10:51

У сталіцы Аўстрыі знаходзяцца куратары дыверсій у краінах ЕЗ.

Вена ператварылася ў адзін з цэнтраў шпіёнскай і аператыўнай дзейнасці расейскіх спецслужбаў у еўрапейскіх краінах. Гэта сцвярджаецца ў матэрыяле газеты The Wall Street Journal, заснаваным на сцвярджэннях не названых імёнамі крыніцаў са спецслужбаў Аўстрыі і чыноўнікаў заходніх краінаў.

Сцвярджаецца, што за апошні час колькасць расейскіх грамадзянаў, якія працуюць на дзяржаўныя структуры, у Вене вырасла і перавысіла 500. Блізу паловы з іх – дыпламаты і мэнэджары, аднак другая палова, перакананыя ў аўстрыйскіх спецслужбах, у сутнасці займаецца шпіёнскай дзейнасцю. Як сцвярджаецца, сярод гэтых расейцаў ёсць і аператыўнікі, якія курыруюць падрыхтоўку дыверсій і забойстваў у краінах ЕЗ.

Сцвярджаецца, што супрацоўнікі расейскіх дыппрадстаўніцтваў і іншых дзяржаўных установаў працуюць у сталіцы Аўстрыі ў больш як 40 будынках.

Апроч іншага, аўстрыйскія спецслужбы падазраюць, што расейскія агенты ў Аўстрыі займаюцца адсочваннем лагістыкі заходняй ваеннай дапамогі Украіне. Акрамя таго, Вена служыць і як цэнтр фінансавання падрыўной дзейнасці – сцвярджаецца, што супрацоўнікі спецслужбаў, якія працуюць у Аўстрыі пад дыпламатычным прыкрыццём, развозяць адтуль грошы гатоўкай па ўсёй Еўропе. Сярод іншага, як сцвярджаецца ў расследаванні, менавіта расейскія чыноўнікі, якія працуюць у Вене, заплацілі ганарар выканаўцам забойства расейскага пілота Максіма Кузьмінава, які ўцёк ва Украіну разам з гелікаптэрам Мі-8. Ён быў забіты ў Гішпаніі, дзе жыў з дакументамі на чужое імя. Забойцы затрыманыя не былі. Раней паведамлялася, што гішпанскія спецслужбы мяркуюць, што гэта прадстаўнікі крыміналітэту, нанятыя Масквой.

Шэраг краінаў ЕЗ, напрыклад Чэхія, прапануе абмежаваць паездкі расейскіх дыпламатаў па Еўразвязе, сярод іншага, каб унікнуць наведвання супрацоўнікамі дыпмісій у Аўстрыі іншых краінаў ЕЗ. Пакуль пастанова не прынятая.

У МУС Аўстрыі заяўляюць, што ведаюць пра ўвагу расейскіх спецслужбаў да краіны, але запэўніваюць, што ўважаюць Аўстрыю за адну з самых бяспечных краінаў, бо яе спецслужбы надзвычай эфектыўныя. Пры гэтым выданне зазначае, што дэ-факта шпіянаж у Аўстрыі пераследуецца паводле закону, толькі калі накіраваны супраць самой Аўстрыі. Яна з'яўляецца нейтральнай дзяржавай, напрыклад не ўваходзячы ў NATO.

У матэрыяле згадваецца яшчэ пра дзве звязаныя з Венай і расейскімі шпіёнамі справы – меркаваную спробу замаху на журналіста Хрыста Грозева, а таксама справу былога топ-мэнэджара Wirecard Яна Марсалека, які, як сцвярджаецца, працаваў на расейскую выведку.

Апошнія навіны