BE RU EN

Расейскае войска ва Украіне выкошваюць халера і тыф

  • 29.06.2024, 13:35

Акупанты здаюцца ў палон праз анамальную спякоту і адсутнасць пітной вады.

Сярод акупацыйных войскаў Расеі ва Украіне лютуюць тыф і халера.

Як піша эксперт Bild Юльян Рэпке, пра распаўсюджванне тыфу і халеры пачалі пісаць расейскія паблікі. Канал «Два маёры» піша, што ў Херсонскай вобласці «ад брушнога тыфу і халеры ўжо ёсць смяротныя наступствы, колькасць захворванняў расце».

Кожнаму салдату выдаюць 18 літраў вады на 14 дзён у пластыкавых бутэльках. Ад камандзіраў патрабуюць выдаваць ім не менш як 1,5 літра за суткі, але тады вада скончыцца праз чатыры дні. Праз смагу салдаты п'юць брудную ваду з рэк і студняў, прымітыўна фільтруючы яе тканінай. Гэта прыводзіць да тыфу і халеры.

Іншы расейскі ваенкар паведамляе пра «павелічэнне выпадкаў захворвання на брушны тыф і халеру з 15 чэрвеня». У мінулы чацвер расейскі салдат расказаў на відэа, што ягоныя таварышы здаюцца ў палон праз смагу.

«Тры дні не было ні ежы, ні вады», – заявіў ён.

У адказ расейская прапаганда распаўсюджвае фэйкі пра халеру на падкантрольнай Украіне частцы Херсонскай вобласці. Кіраўнік мясцовай інфекцыйнай лякарні Алена Цімашэнка аспрэчыла гэтыя заявы, заявіўшы, што халеры там няма ўжо 20 гадоў, як і перадумоваў для ўсплёску інфекцыі.

Апошнія навіны