ЕЗ увёў новыя гандлёвыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
- 29.06.2024, 13:42
Яшчэ адзін удар па луканоміцы.
Рада ЕЗ 29 чэрвеня прыняла санкцыі супраць беларускай эканомікі, якія закліканыя паўтарыць некаторыя з абмежавальных захадаў супраць Расеі і такім чынам развязаць праблему абыходу санкцый.
Пра гэта, як піша «Еўрапейская праўда», у суботу паведаміла прэс-служба Рады.
Сваёй пастановай Рада ЕЗ прадаўжае забарону на экспарт тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння і перадавых тэхналогій, а таксама ўводзіць дадатковыя абмежаванні на экспарт тавараў, якія могуць спрыяць умацаванню беларускага прамысловага патэнцыялу.
Таксама ўводзяцца дадатковыя абмежаванні на экспарт у Беларусь тавараў і тэхналогій для марской навігацыі і прадметаў раскошы.
Акрамя таго, будзе забаронена прама або ўскосна імпартаваць, набываць або перадаваць з Беларусі золата і дыяманты, а таксама гелій, вугаль і мінеральныя прадукты, у тым ліку сырую нафту. Апошні захад будзе дапоўнены новай забаронай на экспарт тавараў і тэхналогій, прыдатных для выкарыстання ў нафтаперапрацоўцы, і звадкаванага прыроднага газу.
Рада ЕЗ забараняе прапанову пэўных паслуг Беларусі, яе ўраду, дзяржаўным органам, карпарацыям або агенцтвам, а таксама любой фізічнай або юрыдычнай асобе, якая дзейнічае ад іх імя або на іх указанне. Размова ідзе, сярод іншага, пра бухгалтарскія, архітэктурныя і інжынерныя паслугі, паслугі ў рэкламе і маркетынгавых даследаваннях і іншыя.
Таксама Рада ЕЗ пашырае забарону на перавозку тавараў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЕЗ прычэпамі і паўпрычэпамі, зарэгістраванымі ў Беларусі, у тым ліку пры перавозцы грузавікамі, зарэгістраванымі за межамі Беларусі.
Сённяшняя пастанова патрабуе, каб экспарцёры з ЕЗ уключалі ў свае будучыя кантракты так званую «агаворку пра адсутнасць Беларусі», якая забараняе рээкспарт у Беларусь або рээкспарт для выкарыстання ў Беларусі важных тавараў і тэхналогій, тавараў ваеннага прызначэння, агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў.
З мэтай мінімізацыі рызыкі абыходу санкцый ЕЗ забароніць транзіт праз тэрыторыю Беларусі тавараў і тэхналогій двайнога прызначэння, тавараў і тэхналогій, якія могуць спрыяць ваенна-тэхнічнаму ўзмацненню Беларусі або развіццю яе сектару абароны і бяспекі, тавараў, якія могуць спрыяць узмацненню беларускіх прамысловых магутнасцяў.
Акрамя таго, з мэтай супрацьдзеяння рээкспарту тавараў ваеннага прызначэння, знойдзеных ва Украіне або крытычна важных для развіцця расейскіх ваенных сістэмаў, аператары ЕЗ, якія прадаюць такія тавары ў трэція краіны, павінны будуць укараніць механізмы належнай абачлівасці.