BE RU EN

Лукашэнка заграз

  • 29.06.2024, 14:19

Кадравыя перастаноўкі не выратуюць дыктатара.

27 чэрвеня Лукашэнка зрабіў каскад прызначэнняў, напэўна, трымаючы ў галаве прэзідэнцкія «выбары» 2025 года (прагучала, што вертыкалі трэба «выстаяць у гэтай шалёнай барацьбе»). Аднак ніякі Рыжанкоў дыктатару не дапаможа, піша палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі на «Позiрку».

Падзеі 2020 года нанеслі МЗС кадравыя страты. Адтуль сышлі профі, якіх абурыла зацісканне пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Але галоўная бяда ў іншым.

Сяргей Алейнік прабыў міністрам усяго паўтара года. На пенсію яму ранавата (59 гадоў). Так што кіраўнік відавочна быў незадаволены гэтым міністрам. Максіму Рыжанкову 52, ён у свой час доўга працаваў у сістэме МЗС. Гавораць, чалавек і сапраўды валявы, строгі. Але цудаў на новай пасадзе таксама не здзейсніць.

Ставячы задачы перад Рыжанковым, Лукашэнка рабіў упор на Расею, Кітай, Індыю, у цэлым «далёкую дугу». Гэта вымушаная пераарыентацыя праз сварку з Захадам, пад ціскам санкцыяў.

Пры гэтым на нарадзе ў красавіку Лукашэнка прызнаў, што «не выкананыя планы экспарту ў сяброўскія краіны далёкай дугі». Яны, можа, і сяброўскія (часта таму, што там таксама з дэмакратыяй туга), але ёсць іншыя закавыкі.

Па-першае, лагістыка дарагая. Па-другое, іншыя сябры з Глабальнага Поўдня бедныя як царкоўныя мышы. Дакладней, кіраўнікі там сябе не крыўдзяць, але народы марнеюць у галечы. Такі-сякі схематоз з такімі дзеячамі наладзіць можна, але для сваёй краіны шмат не нагандлюеш.

Як бачым, і з тымі партнёрамі, на якіх цяпер робіцца стаўка ў піку «калектыўнаму Захаду», праблемаў вышэй за дах. І нават магутны Кітай, адносінамі з якім так ганарыцца беларускі правадыр, цяпер хмурыць бровы, заклапочаны захаваннем свайго транзіту праз Беларусь у Еўропу.

А калісьці сама Беларусь з выгадай прадавала ў Стары Свет нафтапрадукты ды іншы тавар. Усё было зручна, пад бокам. Гэта ж трэба было так рассабачыцца!

Цяпер вось прапаганда Лукашэнкі трубіць, што хутка Менск паўнапраўна ўступіць у ШАС. Але ў асноўным гэта толькі нагода папіярыцца, вялікіх грошай на гэтым удзеле краіна не ссячэ.

З маскоўскай каляіны ўжо не выскачыць

Ды і на расейскім рынку ўсё не так проста. Сярод іншага, з некаторых нішаў выціскаюць тыя ж кітайцы. А галоўная праблема ў тым, што сама празмерная завязка на РФ як у эканоміцы, так і ў палітыцы – з'ява нездаровая, шлях у пастку, што пагражае поўнай стратай незалежнасці.

Але куды дзявацца? Парадокс у тым, што, разумеючы, наколькі небяспечныя гульні з імперыяй, выдатна вывучыўшы яе нораў, Лукашэнка змушаны ўсё мацней ціснуцца да Крамля.

Раней у перыяды вострых канфліктаў кіраўнік Беларусі адкрытым тэкстам абвінавачваў Маскву ў вялікадзяржаўнасці, прызнаваў, што «дзікі нахіл» у яе бок – з'ява нездаровая. Усклікаў: даволі, маўляў, ляцець на адным крыле.

Крэмль з таго часу стаў яшчэ больш агрэсіўным, пачаў проста захопліваць чужыя тэрыторыі. У паняццях Уладзіміра Пуціна беларуская дзяржаўнасць – такое самае непаразуменне, як і ўкраінская, проста ўслых гэта не прагаворваецца.

Аднак Лукашэнка разгойдваць геапалітычныя арэлі ўжо не можа. Тэарэтычна ён, верагодна, і не супраць вярнуцца да лавіравання, славутай шматвектарнасці (хоць і ў найлепшыя часы яна была ўмоўнай). Але кіраўнік занадта заграз у маскоўскай каляіне, якую канчаткова абраў дзеля выратавання сваёй улады хоць бы ва ўсечаным, сатэлітным фармаце.

Так што колькі ні ператрасай кадры ў МЗС, знешняя палітыка застанецца дзіка дэфармаванай праз саму спецыфіку рэжыму, ягоную эвалюцыі ў бок васалітэту і таталітарызму. Дыпламатычнай установе наканавана боўтацца на мелі.

Апошнія навіны