Выбары прэзідэнта ў Іране: Хто праходзіць у другі тур
- 29.06.2024, 14:26
Ліберальны палітык лідзіруе з 42,5 адсотка галасоў.
У Іране прайшоў першы тур прэзідэнцкіх выбараў. На наступны этап праходзяць два кандыдаты – ліберал Масуд Пезешкіян і кансерватар Саід Джалілі.
Пра гэта паведамляе IRNA.
Паводле папярэдніх вынікаў, Пезешкіян набраў 10,4 млн галасоў (42,5%), а Джалілі – 9,5 млн галасоў (38,6%).
Усяго апрацавана больш за 24,5 млн галасоў па ўсёй краіне. Як адзначаюць дзяржаўныя органы Ірана, была зафіксаваная рэкордна нізкая яўка.
З выбарчай гонкі выбылі два іншыя кандыдаты – кансерватыўны спікер парламента Махамад Багер Галібаф (ён набраў 3,83 млн галасоў) і былы міністр юстыцыі і ўнутраных спраў Мастафа Пурмахамадзі (за яго прагаласавалі блізу 206 тысячаў грамадзянаў Ірана).
Перад стартам першага туру выбараў яшчэ два кандыдаты адмовіліся ад удзелу.
Другі тур прэзідэнцкіх выбараў мусіць адбыцца ў наступную пятніцу, 5 ліпеня.