Die Zeit: У ваенным плане Украіна ў лепшым становішчы, чым РФ
- 29.06.2024, 14:54
Сітуацыя змянілася.
У ваенным плане Украіна цяпер знаходзіцца ў лепшым становішчы, чым Расейская Федэрацыя.
Пра гэта піша аглядальніца Die Zeit Алівія Кортас.
Яна нагадвае, што вяснова-летні контрнаступ УСУ 2023 праваліўся, нягледзячы на тое, што тады Украіна, маючы на ўзбраенні новыя брыгады, у тым ліку нямецкія самаходныя гаўбіцы і «Леапарды», спадзявалася вызваліць акупаваныя тэрыторыі. Але потым іх салдаты мала прасунуліся.
«Некаторыя людзі прадказвалі, што вайна хутка скончыцца. Цяпер Расея знаходзіцца ў падобнай сітуацыі, як тады Украіна. З пачатку траўня войска Пуціна марна спрабуе прасунуць фронт настолькі далёка, каб мець магчымасць абстрэльваць горад Харкаў з артылерыі. Узяцце стратэгічна важнага горада Часіў Яр на Данбасе доўгі час не ўдаецца. Наступ расейцаў не скончыўся, але тармозіцца. У той самы час Захад пашырае дапамогу Украіне. Аднак у кожнага, хто назірае за публічнай дыскусіяй, ствараецца ўражанне, што сітуацыя для Украіны толькі пагаршаецца», – гаворыцца ў артыкуле.
На думку аўтаркі, для Украіны было значна горш, чым сёння, бо для Расеі 2024 год пачаўся з вялізнай ваеннай перавагі. Пры гэтым у студзені пакет дапамогі на мільярды еўраў ад ЗША нечакана не быў падтрыманы.
«На вайне дрэнна, калі краіна не можа планаваць наперад, бо не ведае, якой зброяй будзе ваяваць праз тры месяцы. Горш, калі тое, што яна плануе, раптам правальваецца. У сакавіку і красавіку ва Украіне скончыліся боепрыпасы для яе артылерыйскіх снарадаў... Боекамплект супрацьпаветранай абароны, які скарачаецца, Украіне давялося выкарыстоўваць не на фронце, а на абароне гарадоў у глыбінцы. ...Але Украіна прайшла гэты этап без вялізных стратаў тэрыторыі», – канстатуе аглядальніца.
Цяпер жа, паводле ейных словаў, для Кіева ёсць усё больш добрых навінаў. Так, ЗША і Нямеччына, Вялікая Брытанія і Францыя дазваляюць Украіне, хоць і ў абмежаваным аб'ёме, весці агонь са сваёй зброі па ваенных аб'ектах на тэрыторыі Расеі, што зробіць прыфрантавыя гарады і паветраную прастору заходняй Украіны больш бяспечнымі. У той самы час Нідэрланды і Румынія пастаўляюць дадатковыя сістэмы Patriot, Італія таксама абяцае зенітную сістэму, а Гішпанія дапамагае боепрыпасамі. Пры гэтым ЗША прыпыняюць пастаўкі зенітных ракетаў іншым краінам і перадаюць іх Украіне.
«Краіна таксама можа атрымаць новых прыхільнікаў. Паколькі Уладзімір Пуцін нядаўна заключыў ваенны альянс з паўночнакарэйскім дыктатарам Кім Чэн Ынам, Паўднёвая Карэя разглядае магчымасць пастаўкі зброі Украіне. ЕЗ пачаў перамовы пра ўступленне і пачынае далейшую ваенную дапамогу, для якой ён упершыню выкарыстоўвае адсоткавыя прыбыткі ад замарожаных расейскіх актываў. Дзякуючы гэтым сродкам краіны G7 абяцаюць Украіне крэдыт памерам да 50 мільярдаў еўраў. Чакаецца, што першыя самалёты F-16 неўзабаве прыбудуць ва Украіну», – рэзюмуе аўтар.