У Нямеччыне адрэагавалі на смерць былога беларускага амбасадара
- 29.06.2024, 16:10
Яго маглі давесці да самагубства.
Былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Дзяніс Сідарэнка, як пішуць СМІ, скончыў жыццё самагубствам – скокнуў са шматпавярхоўкі.
Сідарэнка быў амбасадарам Беларусі ў Нямеччыне вельмі доўга – з 2016 да 2024 года. Яго вызвалілі ад гэтай пасады ўказам Аляксандра Лукашэнкі сёлета 11 сакавіка.
Пасля вяртання са сваёй пасольскай камандзіроўкі з Нямеччыны, Сідарэнка стаў аб'ектам увагі Камітэту дзяржаўнай бяспекі.
«Не вылазіў з паліграфаў і допытаў», – распавялі «Нашай Ніве» інфармаваныя суразмоўцы.
Новай пасады ў Міністэрстве замежных спраў Сідарэнка не атрымаў. Хаця праца амбасадарам у Нямеччыне – найбуйнейшай дзяржаве Еўразвязу, – гэта амбасадарская пасада вышэйшай лігі.
«Відаць, не вытрымаў таго, што адбываецца», – дадаў іншы інфармаваны суразмоўца.
У Сідарэнкі засталіся дзве дачкі.
У Менску гавораць, што ўсе карʼерныя дыпламаты, якія вяртаюцца з ЕЗ, зараз становяцца абʼектамі ўважлівага аператыўнага вывучэння спецслужбаў.
У Нямеччыне адрэагавалі на смерць былога амбасадара Беларусі.
«Акалічнасці смерці Дзяніса Сідарэнкі трагічныя і сімвалізуюць злачынны рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Калі абвінавачанні ў адрас КДБ праўдзівыя, вінаватыя павінны быць уключаныя ў санкцыйны спіс ЕЗ», – заявіў (Bild@BILD_Russian) дэпутат Бундэстага Томас Хакер.