Рассельгасбанк закрыў прадстаўніцтва ў Беларусі
- 29.06.2024, 18:57
Кліенты з нашай краіны яму нецікавыя.
Рассельгасбанк, які выступае ў Расеі апорным банкам для аграпрамысловага сектара, закрыў прадстаўніцтва ў Беларусі. Аб гэтым піша «КоммерсантЪ».
Са звестак выдання, змены «звязаны з цэнтралізацыяй функцыі ўзаемадзеяння з краінамі ЕАЭС на базе галаўнога офісу».
У самім банку гэты крок тлумачаць таксама зменай фармату супрацоўніцтва з краінамі СНД. Прытрымліваючыся новага фармату вядзення бізнэсу, Рассельгасбанк з пачатку года закрыў чатыры замежныя прадстаўніцтвы, у тым ліку ў Арменіі і Казахстане.
Адмаўляючыся ад прадстаўнічых офісаў, Рассельгасбанк мае намер больш актыўна ствараць філіялы ў межах СНД і даччыныя кампаніі ў далёкім замежжы.
Кіроўны дырэктар рэйтынгавага агенцтва «Эксперт РА» Юрый Белікаў уважае, што сёння расейскія банкі не зацікаўлены ў тым, каб «прыцягваць мноства новых рынкавых кліентаў з краін СНД, так як кошт такога прыцягнення даволі высокі».
Актуальная тэндэнцыя – адкрыццё прадстаўніцтваў у Кітаі, які стаў галоўным месцам прыцягнення расейскіх банкаў.