Кіраўнік МЗС Польшчы расказаў, як Захад можа спыніць Пуціна
- РАДАСЛАЎ СІКОРСКІ
- 29.06.2024, 21:35
Расея не з'яўляецца непераможнай.
Кіраўнік міністэрства замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Расея не зʼяўляецца непераможнай, таму Захад усё яшчэ можа перамагчы краіну-агрэсара. Пра гэта ён сказаў падчас выступу ў брытанскім Фондзе Дзітчлі, урыўкі з лекцыі міністр апублікаваў на сваёй старонцы ў сацсетцы X.
З ягоных слоў, расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін можа выйграць вайну ва Украіне, калі заходнія краіны не спыняць яго. Палітык упэўнены, што Захад здольны гэта зрабіць.
«Насуперак сваёй варʼяцкай прапагандзе, Расея не зʼяўляецца непераможнай. Яна прайграла частку сваіх войн. Крэмль можна спыніць і нават перамагчы – мы проста забыліся пра гэта. Рональд Рэйган казаў, што яго стратэгія ў дачыненні да Савецкага Саюза была простай, калі не сказаць спрошчанай: «Мы выйграем, а яны прайграюць». Мне падабаецца такі падыход», – адзначыў Сікорскі.
Дыпламат адзначыў, што для перавагі над Расеяй, неабходна нанава навучыцца выйграваць у гульні на эскалацыю. Напрыклад, ЕЗ мог бы канфіскаваць усе 300 мільярдаў еўраў расейскіх суверэнных актываў.
«Пуцін іх ужо спісаў, ён не спадзяецца іх вярнуць. Але ён таксама не думае, што нам хопіць сілы іх забраць. Пакуль мы даказваем, што ён мае рацыю», – падкрэсліў кіраўнік польскага МЗС.
Сікорскі падкрэсліў, што Пуціну шкада распаду СССР, таму цяпер наважыў правесці матч-рэванш, кінуўшы выклік «нашым каштоўнасцям, нашай бяспецы і нашаму ладу жыцця».
«Наша задача палягае ў тым, каб перадухіліць больш шырокі канфлікт, але таксама і ў тым, каб перамагчы. Разам, як частка міжнароднага альянсу дэмакратый, мы можам гэта зрабіць», – запэўніў палітык.
Ён перасцярог, калі РФ пераможа, то нестабільнасць распаўсюдзіцца не толькі на краіны Еўропы, але і на ўвесь свет, развіваючы глабальную кааліцыю дыктатур.