BE RU EN

Тэатральныя пастаноўкі ў Менску можна глядзець бясплатна

  • 3.06.2024, 20:07

Тэатральная гасцёўня працуе летам у Ракаўскім прадмесці.

Тэатральная гасцёўня з бясплатнымі пастаноўкамі для дарослых і дзяцей летам 2024 года перамясцілася з Верхняга горада ў Ракаўскае прадмесце. На сайце Менгарвыканкама размешчаная падрабязная праграма, што і калі можна ўбачыць на адкрытай пляцоўцы каля дома №25 па вул. Ракаўскай кожную суботу, ажно да сярэдзіны верасня, з 17 да 19 гадзіны.

Так, напрыклад, у найбліжэйшую суботу 8 чэрвеня артысты музычнага тэатра прапануюць тут пластычны спектакль «Не мая віна», выступіць і народны студэнцкі драматычны тэатр «На філфаку» БДУ. 15 чэрвеня для дзяцей спектакль «Кошчын дом», 22 чэрвеня пастаноўка ТЮГа «Час выбраў за іх!», 29 чэрвеня – зноў дзіцячая праграма, спектакль «Прыгоды Нязнайкі».

6 ліпеня харэаграфічны спектакль «Прыгажосць» ад Маладзёвага тэатра, 13 ліпеня – «Кот у ботах» ад Тэатра лялек, 20 і 27 ліпеня, 17 жніўня – выступ Тэатра эстраднай песні «Сябрынка», 3 жніўня спектакль «Гарантыйныя чалавечкі» народнага тэатра «На Доўгім Бродзе» Палаца культуры МТЗ, 10 жніўня – фольк-рок камедыя «Прымакі» ад Новага драматычнага тэатра, 24 і 31 жніўня – «Беларускія вадэвілі» і «Мікітаў лапаць» ад ТЮГа.

Пашыраная праграма ад некалькіх беларускіх і расейскіх тэатраў запланаваная напрыканцы сезону. 7 верасня яна пачнецца а 14-й. Будуць паказаныя спектаклі «Папераманія» паводле вершаў В. Маякоўскага, «Непаслухмяныя дзеці» паводле вершаў Г. Остэра, «Героі майго рамана» паводле паэмы «Яўген Анегін» А.С.Пушкіна, «Выратаваць камер-юнкера Пушкіна» паводле п'есы М. Хейфеца.

14 верасня ў апошні дзень працы праекту «Культурныя традыцыі сталіцы» Тэатральная гасцёўня адчыніцца а 15-й спектаклем «Прададзены смех». У праграме гэтага дня яшчэ тры пастаноўкі: спектаклі «Гэта я» і «Фабрыка вырабу вундэркіндаў», а таксама спектакль «Прывітанне, мой таварыш!», адкрыцці маладога лекара ў адной дзеі паводле апавяданняў М. Булгакава.

Апошнія навіны