У Гаазе адкрылася выстава, прысвечаная Алесю Бяляцкаму
- 14.07.2024, 10:53
Мерапрыемства арганізаванае пры падтрымцы Еўракамісіі.
У Гаазе 13 ліпеня пры падтрымцы Еўракамісіі адкрылася выстава, прысвечаная Алесю Бяляцкаму - беларускаму палітвязню, заснавальніку і кіраўніку праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру 2022 года.
У час адкрыцця выставы з прамовамі выступілі беларусы Нідэрландаў і грамадскія і палітычныя дзеячы краіны.
Прадстаўнік Згуртавання беларусаў у Нідэрландах MÁRA распавёў пра знаёмства з Алесем Бяляцкім і натхненне ім, як узорным беларусам, а таксама пра свой уласны праваабарончы шлях.
Валерыя Калеснік, палітычная ўцякачка з Беларусі, падзялілася сваёй гісторыяй удзелу ў пратэстах і затрыманні. У сваёй прамове Валерыя таксама звярнула ўвагу на жахлівую сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі і на неабходнасць міжнароднай падтрымкі дэмакратычнага руху беларусаў.
Крысці Медэма з праваабарончай арганізацыі Libereco нагадала, што Бяляцкі атрымаў узнагароду Нідэрландаў Human Rights Tulip, і расказала пра кампанію #WeStandBYyou, прысвечаную палітвязням Беларусі, да якой далучыліся ўжо шмат парламентарыяў з розных краін.
Вінцэнт Тэпас, прадстаўнік палітычнай партыі GroenLinks і мэрыі Гаагі падкрэсліў важнасць і сімвалічнасць таго, што выстава праходзіць менавіта ў Гаазе: у горадзе міру і правасуддзя, і прапанаваў супрацоўніцтва паміж Гаажскай гарадской радай і беларускай супольнасцю.
Выстава будзе працаваць з 13 ліпеня да 9 жніўня ў Het Atrium Den Haag, Spui 70, Den Haag (хемента Гаагі, уваход Forum zijde) у працоўныя гадзіны хементы (муніцыпальнай адміністрацыі) Гаагі.
Уваход вольны.
Алесь Бяляцкі быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года.
7 кастрычніка 2022 года Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
3 сакавіка 2023 г. у судзе Ленінскага раёна Менска суддзя Марына Запаснік прыгаварыла кіраўніка «Вясны» і нобелеўскага лаўрэата да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Выстава, прысвечаная Алесю Бяляцкаму, сёлета праходзіла таксама ў Сенаце Польшчы ў Варшаве.