ГУБАЗіК зладзіў аблаву на «метал-пікнік» пад Пінскам
- 14.07.2024, 11:33
Затрыманыя больш за 50 чалавек.
Сілавікі Берасцейскай вобласці затрымалі ўдзельнікаў «метал-пікніка» ў Пінскім раёне. Мерапрыемства праводзілася ў закрытым непублічным фармаце на прыватнай тэрыторыі. Затрыманыя больш за 50 чалавек. Як сцвярджаюць у МУС, многія з іх «датычныя да нэанацызму і экстрэмізму, а таксама палку Каліноўскага».
Супрацоўнікі Берасцейскай абласной управы ГУБАЗіК МУС даведаліся аб намеры «групы асоб нэанацысцкіх поглядаў» правесці «закрытае незаконнае масавае мерапрыемства пад маркай канцэрта» загадзя, падчас «аператыўна-вышуковых і прафілактычных мерапрыемстваў».
Відавочна, у сілавікоў быў доступ да чатаў, дзе абмяркоўвалася арганізацыя мерапрыемства, ці яны неяк займелі паведамленні адтуль. Яны апублікавалі некалькі скрыншотаў, дзе арганізатары тлумачаць, як дабрацца на метал-пікнік, а таксама гавораць аб тым, што гэта не канцэрт, а закрытае мерапрыемства, і інфармацыю аб ім распаўсюджваць нельга ў мэтах бяспекі.
ГУБАЗіК апублікаваў відэа аблавы. Супрацоўнікі ведамства пры падтрымцы АМАП, абласной і раённай міліцыі прыехалі на месца злёту, мяркуючы па ўсім, раніцай. Відаць, што мерапрыемства праходзіла на прыватнай тэрыторыі, за парканам, на ёй ёсць будынкі і было ўсталявана пару дзясяткаў намётаў. Сілавікі выцягвалі людзей з намётаў і ўкладвалі тварам у зямлю.
«Устаноўленыя 56 чалавек з Менска, Гародні, Віцебска, Берасця, Пінска і Лунінца. Сярод іх - таксама сваякі асоб, якія бралі ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны ў складзе ўзброенага фармавання «Полк Каліноўскага», а таксама асобы, якія маюць дачыненне да ўчынення крымінальна-каральных дзеянняў экстрэмісцкай накіраванасці, у тым ліку якія бралі ўдзел у масавых беспарадках у 2020 годзе», - заявіў прадстаўнік ГУБАЗіК.
На дадзены момант 11 чалавек ужо прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па артыкулах аб «распаўсюджанні нацысцкай сімволікі і экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Сцвярджаецца, што арганізатарамі былі 42-гадовы пінчук і 41-гадовы жыхар Пінскага раёна. Іх асудзілі па артыкуле 24.23 КаАП за «парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў».
Гаворачы аб арганізатарах, сілавікі паказалі кадры з нейкага памяшкання. На відэа відаць галінкі дрэў з павязанымі чырвонымі стужкамі, драўляная скульптура, падобная да паганскага ідала, на белых сценах чырвонай фарбай нанесены сімвалы беларускага народнага арнаменту. Таксама паказаны стол з раскладзенымі CD-дыскамі метал-гуртоў, у прыватнасці мінскага гурта Zaklon.