BE RU EN

CNN: Захад нарэшце дазволіў Украіне наносіць удары ў адказ па РФ — і гэта спрацавала

  • 14.07.2024, 21:25

Расейскія вайскоўцы больш не могуць адчуваць беспакаранасць і бяспеку.

Надоечы дадзены Злучанымі Штатамі і іншымі супольнікамі дазвол на выкарыстанне заходніх узбраенняў для нанясення ўдараў усярэдзіне Расеі меў велізарны ўплыў. Пра гэта ў інтэрв'ю CNN (пераклад - УНІАН) паведаміў старэйшы афіцэр Службы бяспекі Украіны з пазыўным «Банкір».

Паводле ягоных слоў, ён і яго падначаленыя «знішчылі мэты ўнутры Расеі, што дазволіла правесці некалькі паспяховых контрнаступаў».

«Расейскія вайскоўцы больш не могуць адчуваць беспакаранасць і бяспеку», - сказаў вайсковец.

Выданне адзначае, што пасля многіх месяцаў адставання праз нястачу боепрыпасаў і жывой сілы, Кіеў нарэшце можа ў поўнай меры скарыстацца заходняй вайсковай дапамогай, якая пачала паступаць у краіну летась пасля шматмесячных затрымак. Салдаты на перадавой кажуць, што пастаўкі пачынаюць мяняць сітуацыю да лепшага - асабліва ўлічваючы тое, што зараз яны могуць выкарыстоўваць арсенал для нанясення ўдараў праз мяжу.

«Мы бачым уплыў дапамогі кожны дзень. Артылерыя, рэактыўныя сістэмы залпавага агню вялікай далёкасці з рознымі тыпамі боепрыпасаў і суббоепрыпасамі - гэта ўплывае на агульную карціну на полі бою. Мы разгортваем самыя эфектыўныя сістэмы ўзбраення на тых адцінках, дзе расейцы спрабуюць прарваць абарончыя лініі, і назіраецца значнае запаволенне расейскага прасоўвання», - распавёў Іван, афіцэр 148-й артылерыйскай брыгады.

СМІ адзначае, што магчымасць паўторнай акупацыі Расеяй часткі Харкаўскай вобласці пераканала некаторых ключавых саюзнікаў Украіны, у тым ліку ЗША, зняць абмежаванні. Гэта дазволіла Кіеву нанесці ўдар і знішчыць ці сур'ёзна пашкодзіць ключавыя аб'екты на тэрыторыі Расеі.

«Украіна пачала наносіць удары HIMARS па цэлях у Белгарадскай вобласці і прымусіла расейцаў адсунуць свае сістэмы С-300, з якіх яны наносілі ўдары па Харкаву, значна далей, так што зараз Харкаў знаходзіцца па-за зонай дасяжнасці расейскіх сістэм С-300», - сказаў Конрад Музыка, незалежны абаронны аналітык і дырэктар Rochan Consulting.

Апошнія навіны