У РФ буйны чыноўнік-хабарнік папрасіўся на вайну
- 18.07.2024, 9:30
Яго абвінавачваюць у васьмі эпізодах атрымання хабару.
Былы кіраўнік дэпартамента культуры Масквы Аляксандр Кібоўскі, арыштаваны паводле справы аб хабарах на 100 млн расейскіх руб і махлярстве, заявіў аб жаданні адправіцца на вайну ва Украіну, піша The Moscow times.
«Я даўно сказаў, што сам пайду на СВА. Для мяне гэта пытанне вырашанае, незалежна ад таго, што будзе адбывацца тут ці не будзе адбывацца», - заявіў Кібоўскі падчас судовага пасяджэння па пытанні аб меры стрымання.
Экс-чыноўнік абвінавачваецца ў васьмі эпізодах атрымання хабару (ч.6 арт.290 КК) і адным замаху на махлярства (ч.3 арт.30, ч.4 арт.159). Толькі за атрыманне хабару яму пагражае да 15 гадоў турмы.
Паводле версіі следства, Кібоўскі дапамагаў камерцыйным арганізацыям атрымліваць дзяржкантракты, дзейнічаючы пры гэтым разам з «іншымі суўдзельнікамі ў складзе арганізаванай групы». Падчас судовага пасяджэння ён не прызнаў віну. Суд арыштаваў экс-чыноўніка да 16 верасня.