BE RU EN

Захад ігнаруе Лукашэнку

  • 18.07.2024, 10:03

На падміргванне дыктатара ніхто не рэагуе.

Аляксандр Лукашэнка бядуе, што прапануе Польшчы і Літве ўрэгуляваць стасункі, але не можа знайсці ўзаемнасці. Чаму «мая твая не разумее» не толькі ў канкрэтных пытаннях, але агулам. Беларускі дыктатар памятае, як, нягледзячы на ўсе яго штукарствы, Захад з часам мяняў гнеў на міласць, пасля чаго ў дачыненнях наступала пацяпленне. Так было неаднаразова, і, мяркуючы па ўсім, Лукашэнка здзіўлены тым, што на гэты раз хаця б Еўразвяз дагэтуль не перайшоў нават да стадыі гандлю.

«Салідарнасці» вядома, што МЗС яшчэ за Сяргеем Алейнікам спрабавала прапанаваць Еўропе шэраг ініцыятыў, скіраваных на паляпшэнне стасункаў. Але не атрымаў увогуле ніякага адказу.

Як бачыць сітуацыю Захад

Ёсць дзве галоўныя прычыны, чаму на «падморгванне» беларускіх дыпламатаў ніхто не адрэагаваў.

Першая: Аляксандр Лукашэнка стаў супертаксічнай персонай яшчэ ў 2020 годзе па факце жорсткіх рэпрэсій у дачыненні да тых, хто пратэставаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Пасля таго, як тагачасны кіраўнік міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазель, які прыехаў у Менск у студзені 2021-га, зазнаў знішчальную крытыку ў прэсе, мала ў каго засталося жаданне размаўляць з афіцыйным Менскам.

Але то былі толькі кветачкі. Ягадкі паспелі пазней: у выглядзе пасадкі падманным шляхам самалёта Ryanair дзеля захопу Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапегі, арганізацыі міграцыйнага крызісу на ўсходніх рубяжах Еўразвязу і дапамогі Расеі ў вайне супраць Украіны.

Варта дадаць, што і рэпрэсіі, і крызіс на мяжы, і суўдзел у агрэсіі працягваюцца. У гэтых варунках ініцыятывы кшталту бязвіза для грамадзян 35 краін Еўразвязу, якія маглі выклікаць энтузіязм у Захаду яшчэ гадоў 5 таму, цяпер ім наогул не ўспрымаюцца.

Зрэшты, ёсць і другі фактар, нават больш важкі, чым першы, - сумневы (мякка кажучы) у тым, што Лукашэнка захоўвае суб'ектнасць. Дасведчаны дыпламат адной з вядучых дзяржаў ЕЗ сказаў «Салідарнасці» ў прыватнай гутарцы: «Беларусь зараз успрымаецца як задні двор Расеі».

Пры такім раскладзе на Захадзе проста не бачаць сэнсу спрабаваць аб нечым дамаўляцца з прадстаўнікамі Лукашэнкі.

Вачамі Лукашэнкі

Можна з упэўненасцю казаць, што беларускі дыктатар (а, значыць, і ягоныя падначаленыя) глядзіць на сітуацыю радыкальна інакш. Паспрабуем рэканструяваць яго погляд.

Лукашэнка мяркуе, што дэманструе цуды эквілібрыстыкі, пазбягаючы наўпроставага ўдзелу ў агрэсіі супраць Украіны («хоць мог бы і брытвай паласнуць»). У таго, хто ўпэўнены, што з'яўляецца гаспадаром Беларусі, і думкі не закрадаецца, што Захад не ўважае яго за самастойнага гульца.

Наадварот, Лукашэнка мяркуе, што ягоныя «тытанічныя намаганні» ў частцы «мінімізацыі суўдзелу ў вайне» Еўразвяз павінен ацаніць і ўзнагародзіць. Зноў жа незразумела, чаму ЕЗ дагэтуль не прапанаваў ніякіх «бонусаў» за спыненне міграцыйнага крызісу. «Відаць, дыпламаты дрэнна працуюць…»

Ну а далей усё лагічна: трэба памяняць «мяккага» Алейніка на «цвёрдага» Рыжанкова. Апошняму была пастаўленая задача «прывесці ў прытомнасць» дыпламатычнае ведамства.

- Трэба страсянуць МЗС, каб яно пачало працаваць, - заявіў Лукашэнка.

Вось толькі ні «ўстрэсваннем», ні «ператрэсваннем» палепшыць стасункі з Захадам не атрымаецца. Нават пачаць размову на гэтую тэму вельмі складана праз тое, што кожны з бакоў дзейнічае, зыходзячы з уласнага ўяўлення аб рэальнасці. Гэтыя ўяўленні адрозніваюцца занадта радыкальна.

4 гады - дастатковы тэрмін, каб зразумець, што старыя фокусы не працуюць. Але Лукашэнка ўпарта працягвае дзейнічаць у ранейшым духу, спалучаючы заклікі да дыялогу з паскудствам.

У рэжыму цікавасць тая ж, што і раней: «Прымайце нас такімі, якія мы ёсць, і гандлюйце з намі». А вось у ЕЗ новы, зусім іншы падыход: «Бяспека важнейшая за выгаду».

У выніку Захад, як ні парадаксальна, выконвае іншае жаданне Лукашэнкі: «Пакіньце нас у спакоі». Вось толькі гэта азначае, што беларускі дыктатар застаецца сам-насам з заклятым расейскім сябрам. Наступствы гэтага могуць быць для афіцыйнага Менска вельмі непрыемнымі.

«Бойцеся сваіх жаданняў, яны маюць уласцівасць спраўджвацца…»

Што можа ссунуць працэс з мёртвага пункта

Ключавым з'яўляецца той факт, што зараз, калі хто і зацікаўлены ў пацяпленні (хаця б адносным), то дакладна не Захад. Ён, наадварот, уважае за найлепшае па максімуме адгарадзіцца ад крыніцы самых розных небяспек, якой зараз з'яўляецца рэжым Лукашэнкі.

Таму, калі ўлады Беларусі хочуць імі ж спаленыя масты аднаўляць, ім давядзецца рабіць першы крок. Прычым не міліметровы крок, а вельмі істотны і прыкметны.

Танныя прапановы людзі, якія прымаюць пастановы ў Еўразвязе, у існых умовах нават не заўважаць. Вугорскі міністр замежных спраў Петэр Сіярта можа яшчэ пяць разоў прыехаць у Менск, але яго краіна не мае значнага ўплыву на стасункі паміж ЕЗ і Беларуссю.

Якія захады неабходныя, каб размова хаця б проста аднавілася? Адзін з кампетэнтных суразмоўцаў у якасці прыкладу таго, што можа прыцягнуць увагу Захаду, прывёў вызваленне ўсіх жанчын-палітвязняў, Алеся Бяляцкага і Анджэя Пачобута.

Праблема ў тым, што Лукашэнка не гатовы плаціць за пацяпленне. Дакладней, ён думае, што і так нямала зрабіў, не атрымаўшы наўзамен нічога. Дзіўны погляд, але які ёсць.

І пакуль дыктатар не зразумее, што справа не ў «нядбайных дыпламатах», нічога не зменіцца. Цяпер не 2008 год, не 2011-ы і пагатоў не 2014-ы. Наладзіць стасункі без надта сур'ёзных саступак не атрымаецца ні ў Рыжанкова, ні ў каго б там ні было яшчэ.

Сцяна паміж Беларуссю і ЕЗ ужо вышынёй з Эйфелеву вежу. І з кожным новым узроўнем яе далейшае будаўніцтва ўяўляецца Еўразвязу таннейшым ва ўсіх сэнсах, чым разбурэнне.

Мы ўжо знаходзімся ў такой сітуацыі, дзе занадта шмат каму логіка ізаляцыі здаецца больш разумнай, чым урэгуляванне рознагалоссяў. Гэта інтэлектуальная і псіхалагічная ілюзія. Але менавіта яна дамінуе зараз.

Захад проста не мае матывацыі аднаўляць дыялог. Яе спрабавалі стварыць пры дапамозе «бізуна», але спробы шантажаваць Еўразвяз мігрантамі, роўна як і іншымі спосабамі, праваліліся. Пернікі маленькіх памераў таксама не спрацавалі.

Таму выбар просты: ці Лукашэнка стварае такую матывацыю, прапаноўваючы вялізны «пернік», альбо стасункі будуць пагаршацца. Гэты вузел разблытаць пры дапамозе дробнай маторыкі не атрымаецца.

Апошнія навіны