«Рыхтуюцца да вайны, а генератары не ў стане набыць»
- 18.07.2024, 11:52
Жыхары пацярпелага ад стыхіі Мазыра рэзка крытыкуюць улады.
14 ліпеня многія раёны Гомельскай вобласці пацярпелі ад урагану. Без святла, вады, сувязі выжывалі жыхары 100-тысячнага Мазыра. «Свабода» піша, што адбываецца там цяпер.
Апакаліпсіс, пра які не папярэдзілі
Жыхар Мазыра Павел (імёны ўсіх герояў публікацыі змененыя з меркаванняў бяспекі. — заўв.) кажа, што напярэдадні ўрагану не было SMS-папярэджання аб моцным ветры ад МНС, даслалі толькі паведамленне аб небяспечнай спякоце. Ураган пачаўся пасля 16.00 14 ліпеня.
«Моцны, страшны вецер. Дрэвы ламаліся, як запалкі, усё счарнела, галіны дрэў лёталі, зрывала дахі. Горад застаўся без святла, вады, сувязі», - успамінае Павел. Людзі не маглі датэлефанавацца да сваякоў. Стаялі прадпрыемствы, у тым ліку Мазырскі НПЗ. Ваду падвозіць пачалі 15 ліпеня, і гэта было 6 пунктаў на 100-тысячны горад.
Ратавалі людзей іншыя людзі. Хто мог, падвозіў ваду, іншыя давалі зарадзіць тэлефоны. Выявілася, што ў горадзе шмат добрых людзей з вялікім сэрцам. Пра ўладу не скажу такога, бо гэта проста ганьба - 6 пунктаў вады на горад, на Пхов у першыя дні наогул не вазілі ваду», - кажа ён.
Са слоў суразмоўцы, на вечар 17 ліпеня ў горадзе і прыгарадзе было 12 месцаў, куды прывозілі ваду. Да дапамогі людзям далучыліся энэргетыкі з іншых рэгіёнаў, ратавальнікі і вайскоўцы.
У мясцовых чатах і на чацвёрты дзень бедства перапіскі нагадваюць «справаздачу з фронту». У адным раёне далі ваду, потым яна знікла. Дзесьці «далі» электрычнасць, але не надоўга. У мясцовых суполках скардзіліся, што ў адной краме была вада па 6 рублёў за 5 літраў.
Іншыя жыхары Мазыра пісалі, што ў іншых крамах у абавязковым парадку патрабавалі да вады «дакупіць» сапсаваныя малочныя прадукты.
«Як надзвычайная сітуацыя ў іншых краінах, дык нават Беларусь гуманітарную дапамогу бясплатна дасылае. А як у нас надзвычайная сітуацыя, то свае ж і нажываюцца», - напісаў абураны карыстальнік.
Выратаванне на лецішчах
Павел гаворыць, што ў многіх жыхароў горада ёсць лецішчы ў вёсцы Мерабелі. І там была вада, нават пасля ўрагану. Але не было электрычнасці.
«Але людзі былі задаволеныя - яны ж там у адпачынку, градкі паліваюць. Улады надумалі адключыць ім ваду. Сказалі: «Нам вада трэба на горад!». Людзі вымушаныя былі кідаць лецішчы і ехаць у Мазыр», - адзначае жыхар райцэнтра.
Ён кажа, што хвалюецца за антысанітарыю ў Пхове, бо «па патрэбе хадзілі хто куды мог» або вывальвалі потым экскрэменты і сапсаваныя прадукты проста на вуліцы.
Калі для Пхова пачалі даваць ваду, то спачатку яна была пад нізкім напорам і толькі на першых паверхах. На вечар 17 ліпеня Пхоў атрымаў (не ўвесь) ваду і святло.
“Ні да каго было не датэлефанавацца. Зарадзіць тэлефон не было дзе. Не паедзеш жа ў Мазыр у аб'езд зараджаць. Зарадзілі тыя, у каго аўтамабілі. Астатнія «ў пралёце», - распавядае Павел.
З яго слоў, цяжкахворых перавезлі ў гомельскія лякарні, у Мазыры ад генератара працавала рэанімацыя і аперацыйны блок. «Людзі казалі, што ішлі каля морга — дык там страшны быў смурод. Можа быць, лядоўні не працавалі, таму так», - перадае жыхар Мазыра.
Ён дадаў, што вады і святла не было і ў суседніх Калінкавічах. Там не працавалі прадпрыемствы, хворым у шпіталі гатавалі ежу на «палявой кухні».
Як так, што ў такім вялікім горадзе няма генератараў? Увесь час улады гавораць, што яны рыхтуюцца да вайны. Але генератары не ў стане набыць», - абураецца жыхар райцэнтра.
«Да верхніх паверхаў вада не даходзіць»
Жыхарка Мазыра Алена (імя змененае. – заўв.) распавяла “Свабодзе”, што цяпер (увечары 17 ліпеня) у горадзе сітуацыя больш-менш стабільная.
«Вада ёсць, але з перабоямі: халодная, але яна ёсць. Да верхніх паверхаў яшчэ не даходзіць, бо маленькі ціск. Горад зараз забяспечаны генератарамі. Электрычнасць, наколькі я ведаю, ужо амаль усюды ёсць, напэўна, 80% горада забяспечана».
Са слоў жанчыны, некаторыя раёны горада, напрыклад па вуліцах Савецкай, Студэнцкай, у старой частцы цэнтра ці ў прыватным сектары, застаюцца без электрычнасці. Таксама без святла застаюцца найбліжэйшыя вёскі. Мясцовыя ўлады абяцаюць найбліжэйшым часам усё гэта аднавіць, работы вядуцца. Але не працуюць станцыі падачы вады, арганізаваны падвоз аўтамабілямі. Алена кажа, што ў гэтай сітуацыі вельмі згуртаваліся самі людзі.
«Мы больш пазітыўна перажываем гэта. Кожны па-рознаму, але агулам нармальна. Вельмі шмат людзей згуртавалася. У каго былі свідравіны, раздавалі бясплатна ваду. Нехта запускаў генератары, і людзі маглі зарадзіць свае тэлефоны. Пакуль вось неяк так, але яшчэ не аднавілася цалкам. Яшчэ крыху знаходзімся ў экстраннай сітуацыі: запасы вады трымаем у доме на выпадак адключэння».
Апроч праблем з электрычнасцю і вадой, мазырцы адчулі праблемы з запасамі ежы. Алена кажа, што не аднавіў працу Калінкавіцкі хлебазавод, таму хлеба бракуе. Крамы зарабілі, але там яшчэ няма малочных і мясных прадуктаў.
«Наш Мазырскі хлебазавод працуе ва ўзмоцненым рэжыме, але ўсё, што даецца на крамы, размятаецца ў момант. Я не назіраю, каб людзі запанікавалі, але ўсё ж прылаўкі пустыя. Прадуктаў, асабліва якія хутка псуюцца, ужо няма. То бок, яны сапсаваліся, іх крамы выкінулі, а новых яшчэ не падвезлі».
Агулам, як адзначае жанчына, напружанне сярод людзей прысутнічала, бо нехта больш перажываў за лядоўні і маразільнікі, што яны растаюць, сапсуюцца прадукты, а нехта больш бадзёра трымаўся ў гэтыя дні. Са слоў Алены, сітуацыя не была настолькі небяспечнай, бо мазырцы пабылі ў гэтых умовах толькі два дні.
Алена расказвае, што мясцовыя ўлады арганізавалі ў горадзе шэсць пунктаў падвозу вады, але гэтага аб'ёму не заўсёды было дастаткова.
«Пры тым, што аб'ёмы бочак з вадой былі невялікімі, літраў на 300-400, іх ставала недзе на 20 чалавек з чаргі. І потым зноў людзі блізу дзвюх гадзін стаялі, чакалі новага падвозу», - кажа суразмоўніца.
Таксама Белтэлекам ля свайго будынка арганізаваў зарадку тэлефонаў. Адначасова з гэтым дапамагалі невялікія прыватныя крамы сваімі генератарамі.
«А ад горада - падвоз вады, уласна, і Белтэлекам. Гэта ўсё, што я ведаю аб дапамозе ў гэтыя няпростыя дні», - кажа Алена.
Раённая газета пра мясцовых жыхароў: «Знахабіліся!»
17 ліпеня ў пацярпелыя ад бедства раёны накіраваўся кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты. Як пісалі праўладныя СМІ, «тэма паездкі - кантроль за ходам ліквідацыі наступстваў стыхіі». Першым пунктам наведвання для Крутога стаў партызанскі музей. У адным з самых пацярпелых раёнаў - Мазырскім, «акцэнт на захаванне ўраджаю пасля ўрагану (такую задачу паставіў Лукашэнка)», - піша тэлеграм-канал «Пул Першага».
Аўтар нататкі адзначае, што «пацярпелым падлеткам - першачарговая ўвага». Тэлеграм-канал не піша пра 6 чалавек, у тым ліку 13-гадовага хлопчыка, якія загінулі ад урагану, або аб праблемах людзей з вадой, святлом, сувяззю.
Мясцовая раённая газета паведамляе, як добра ў раёне спраўляюцца з наступствамі стыхіі, а пра мясцовых жыхароў піша: «Знахабіліся!»
Паводле аўтара тэксту, «службы працуюць на знос: сякуць галіны, аднаўляюць апоры, цягнуць правады». Але калі аўтар гартае сацыяльныя сеткі, то «дзівіцца чалавечай няўдзячнасці».
«Складваецца ўражанне, што святла і вады не было толькі ў тых самых абураных. А той факт, што гэтых даброт цывілізацыі не было ў дамах тых, хто ліквідуе аварыю, нікога не цікавіць», - абураецца аўтар тэксту.