Літва канчаткова выходзіць з канвенцыі аб касетных боепрыпасах
- 18.07.2024, 12:24
Чым матываваны такі крок?
Сейм Літвы ў чацвер, 18 ліпеня, канчаткова дэнансаваў Канвенцыю аб забароне выкарыстання касетных боепрыпасаў, паведамляе LRT.
Выхад Літвы з гэтай міжнароднай дамовы здымае абмежаванні на набыццё, назапашванне і, у выпадку вайны, ужыванне касетных боепрыпасаў.
За дэнансацыю канвенцыі прагаласавалі 103 парламентарыі, адзін быў супраць, трое ўстрымаліся.
Адзін з ініцыятараў выхаду, міністр абароны Літвы Лаўрынас Кашчунас, заявіў, што гэты крок матываваны зменай геапалітычнай сітуацыі.
«Такія канвенцыі дзейнічаюць тады, калі іх прытрымліваюцца ўсе краіны. У гэтым выпадку праблема палягае ў тым, што Расейская Федэрацыя, якая ажыццяўляе агрэсію супраць Украіны і мае імперыялістычныя амбіцыі, не прытрымліваецца гэтых правілаў», - заявіў Кашчунас у Сейме.
Міністр таксама запэўніў, што сучасныя касетныя боепрыпасы значна больш бяспечныя, а наступствы іх выкарыстання можна кантраляваць.