«Як пражыць на 1500 рублёў, калі арандуеш жыллё»
- 18.07.2024, 16:10
Блогерка расказала, што моладзь у Менску "выжывае на капейкі".
Блогерка расказала ў TikTok, што яна праманіторыла сайт з аб'явамі аб працаўладкаванні і высветліла, што “не надта ёсць праца”, дзе гатовыя плаціць больш за 1500 рублёў і пры гэтым не патрабуецца досвед больш за 10 гадоў, адзначае “Зеракло”.
— З улікам таго, што арандаваць сціплую кватэру каштуе блізу 300 даляраў, у мяне пытанне: а як увогуле пакаленне Z будзе купляць сабе кватэры? Добра аўто, можна і за 2000 даляраў знайсці якія-небудзь начоўкі, - кажа дзяўчына на відэа.
Аўтарка роліка адзначыла, што нехта кажа, маўляў, падлеткі лянівыя і нічога не ўмеюць. Аднак яна мяркуе, што моладзь “літаральна выжывае на капейкі, якія атрымлівае за пякельную 12-гадзінную працу”.
- Не, я не прытрымліваюся ўтапічнага пункту гледжання, што ўсе павінны быць багатыя і ўсё павінна быць сумленныя. Але, спадарства, 1500 рублёў, калі тысячу ты аддаеш проста за арэнду жылля! У нашай краіне і фісташкі раскоша!
За тры дні ролік паглядзелі больш за 130 тысяч разоў, пад ім пакінулі амаль 900 каментароў. Большасць людзей згодныя з блогеркай і скардзяцца на свой заробак.
Але ёсць і тыя, хто задаволены сваім заробкам. Частка гледачоў мяркуе, што трэба жыць больш сціпла, напрыклад, не гуляць па барах, арандаваць кватэру таннейшую, а то і зусім пакой у інтэрнаце, некаторыя раяць з'ехаць у рэгіёны.