Кубінцы масава едуць на вайну ва Украіну
- 20.07.2024, 8:43
Мэдыі назвалі прычыну.
Грамадзяне Кубы масава прыязджаюць у Расею, каб далучыцца да яе вайны супраць Украіны, нягледзячы на спробы ўрада ў Гаване спыніць гэты працэс.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Ананімныя крыніцы выдання адзначылі, што ахвотнікі запісваюцца праз неафіцыйныя каналы. Агульны лік удзельнікаў баявых дзеянняў, імаверна, складае некалькі сотняў, хоць дакладныя звесткі высветліць складана.
Збяднелыя кубінцы ахвочыя далучыцца да вайны праз шчодрыя выплаты расейскіх улад. Газы ў агонь падлівае эканамічны крызіс, які суправаджаецца адлучэннем электраэнергіі ды нястачай харчавання, наступствам чаго стала масавая міграцыя і вулічныя пратэсты. Сяго-таго таксама вабіць перспектыва атрымаць расейскі пашпарт пасля падпісання ў студзені дыктатарам Уладзімірам Пуціным указу, які дазваляе чужаземцам атрымліваць грамадзянства ў абмен на службу на вайне.
«Мы былі тымі, хто даведаўся і апублікаваў інфармацыю аб тым, што некалькі кубінцаў, якія знаходзіліся ў Еўропе, былі завербаваныя для ўдзелу ў вайне. Мы зрабілі захады супраць тых, хто таксама спрабаваў з Кубы паехаць на вайну», — сказаў намеснік міністра замежных спраў Кубы Карлас Фэрнандэс дэ Касьё ў інтэрв'ю тэлевізіі ды радыё Bloomberg у красавіку.
На працягу дзесяцігоддзяў Расейская Федэрацыя і Куба маюць шчыльныя палітычныя сувязі, пачынаючы з падтрымкі СССР Гаваны супраць гандлёвага эмбарга ЗША пасля камуністычнай рэвалюцыі 1959 пад кіраўніцтвам Фідэля Кастра. У сакавіку гэтага года Расея адправіла на Кубу танкеры з сырой нафтай, каб дапамагчы аблегчыць эканамічны спад, а ў чэрвені ў Гаване з запланаваным візітам прышвартавалася група вайскова-марскіх караблёў РФ.
У той жа час, адзначае Bloomberg, колькасць навабранцаў для ўдзелу ў вайне сёння значна меншая ў параўнанні з эпохай «халоднай вайны», калі дзясяткі тысяч кубінцаў ваявалі ў Анголе ў 1970-х і 1980-х гадах разам з сотнямі савецкіх вайсковых дарадцаў у проксі-вайне супраць ЗША ды іхніх хаўруснікаў.
Безумоўна, колькасць кубінцаў, якія наведваюць Расею, пераважна турыстаў, за апошнія гады моцна скарацілася — з амаль 77 тысяч у 2021 годзе да блізу 15 тысяч летась. Аднак колькасць тых, хто дэкларуе, што знаходзіцца ў справах, падвоілася: з 492 у 2021 годзе да 942 у мінулым годзе.
Афіцыйная Гавана пасылае супярэчлівыя сігналы аб удзеле сваіх грамадзян у вайне ва Украіне. Літаральна праз некалькі гадзін пасля таго, як у верасні пасол Кубы ў Маскве заявіў, што яго ўрад не пярэчыць супраць уступлення кубінцаў у шэрагі расейскага войска, міністр замежных спраў Бруна Радрыгес заявіў, што "адназначная" пазіцыя Гаваны грунтуецца на супрацьстаянні такому ўмяшанню.
Пасля таго як у верасні 2023 года былі арыштаваныя 17 чалавек, звязаных з меркаванай сеткай гандлю людзьмі, якая заваблівала кубінцаў ваяваць на баку Расеі, МЗС у сваёй заяве падкрэсліў, што "Куба не ўдзельнічае ў вайне ва Украіне" і будзе дзейнічаць "цвёрда" , каб спыніць усякія кампаніі вербавання.