BE RU EN

Ці маюць дачыненне расейскія спецслужбы да забойства Фарыён?

  • 20.07.2024, 8:49

Кіраўнік МУС Украіны агучыў асноўныя версіі.

Паводле справы аб забойстве ў Львове грамадскай дзеячкі, прафесаркі Ірыны Фарыён, праваахоўныя органы разглядаюць некалькі версій. Пошукі стралка прадаўжаюцца.

Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на брыфінг міністра ўнутраных спраў Украіны Ігара Кліменкі ў Львове.

Чыноўнік адзначыў, што на месцы злачынства праваахоўнікі знайшлі гільзу пасля стрэлу ў Фарыён. Але які калібр выкарыстоўваўся, ён не ўдакладніў.

Таксама Кліменка сказаў, адказваючы на пытанні прадстаўнікоў СМІ, што следчыя не выключаюць ва ўчорашнім забойстве экс-народнай дэпутаткі Фарыён і магчымы “расейскі след”. Аднак кіраўнік МУС не стаў раскрываць якіх-небудзь дэталяў наконт гэтага.

Разам з тым ён расказаў, што асноўныя версіі, якія разглядаюцца на гэтую хвіліну, такія:

асабістая непрыязнасць,

грамадска-палітычная дзейнасць спадарыні Фарыён,

таксама ў паліцыі не выключаюць, што забойства носіць заказны характар.

“Сабралі аператыўную інфармацыю, якую правяраюць - рана выносіць яе на публіку. Праваахоўнікі працуюць”, - адзначыў Кліменка.

Падчас брыфінгу міністр заявіў, што да расследавання злачынства прыцягнута практычна ўся паліцыя Львова і частка паліцыі Львоўскай вобласці.

Таксама ён расказаў, што ўжо прызначаны шэраг экспэртыз, у тым ліку балістычная экспэртыза, аналізуюцца відэа з камер назірання.

Са слоў Кліменкі, паліцыянты супольна з супрацоўнікамі СБУ “праводзяць комплекс мер, каб знайсці стралка”, і паралельна выкарыстоўваем тэхнічныя магчымасці для ідэнтыфікацыі нападніка”.

Кліменка дадаў, што следчыя спрабуюць устанавіць дэталі аб асобе забойцы Фарыён. Ён расказаў, што ў следства ёсць звесткі аб тым, што падазраваны некалькі дзён знаходзіўся каля яе дома ў пэўны час.

"Мы правяраем усю інфармацыю, працуем са сведкамі, звяртаемся да ўсіх, хто можа даць следству дадатковую інфармацыю", - заявіў міністр.

Нагадаем, 19 ліпеня ўвечары ў Львове невядомы мужчына страляў у грамадскага дзеяча і мовазнаўцу Ірыну Фарыён.

Пазней стала вядома, што Ірына Фарыён памерла ў шпіталі ад атрыманых траўмаў з-за раненняў у галаву.

Апошнія навіны