BE RU EN

Блінкен: ЗША маюць абавязанне падтрымліваць Украіну не менш за 10 гадоў

  • 20.07.2024, 12:45

Незалежна ад выніку прэзідэнцкіх выбараў.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што каго б ні абралі наступным прэзідэнтам краіны, Вашынгтон мае абавязанне падтрымліваць Украіну прынамсі 10 гадоў.

Пра гэта ён сказаў падчас выступу на Аспенскім форуме ў штаце Каларада, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Кожная адміністрацыя мае магчымасць устанаўляць уласную палітыку, мы не можам заблакаваць будучыню. Але ўсяго тыдзень таму на саміце NATO больш за 20 краін сабраліся на палях саміту, каб абвясціць, што яны правялі перамовы і падпісалі 10-гадовыя двустароннія пагадненні аб бяспецы. Гэта азначае, што ўсе гэтыя краіны, у тым ліку Злучаныя Штаты, узялі на сябе абавязанні дапамагаць Украіне на працягу наступнага дзесяцігоддзя, нарошчваць яе патэнцыял стрымлівання, развіваць яе абарону», — заявіў Блінкен.

Ён таксама адзначыў, што для ЗША поспехам Украіны ў вайне з РФ будзе лічыцца ператварэнне яе ў "моцную, незалежную Украіну, якая ўсё больш інтэгруецца з Захадам і стаіць на ўласных нагах у вайсковым, эканамічным, дэмакратычным планах".

«І мы ўжо вядзём Украіну па гэтай траекторыі, нават у час, калі робім усё магчымае, каб яна мела тое, што ёй неабходна, для барацьбы з працягам расейскай агрэсіі. Мы таксама дапамагаем Украіне снаваць план праграмы на будучыню. У гэта ўжо шмат укладзена, і так, гэта і надалей запатрабуе рэсурсаў», — сказаў Блінкен.

Апошнія навіны