Зяленскі: Украіна паспрабуе скончыць гарачую стадыю вайны да канца гэтага года
- 21.07.2024, 10:14
Палітык мяркуе, што частку тэрыторый можна вярнуць дыпламатычным шляхам.
У інтэрв'ю ВВС прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў, што вайну можна будзе скончыць дыпламатычным урэгуляваннем за сталом перамоў, калі краіны Захаду будуць ціснуць на Маскву.
«Гэта не значыць, што трэба адваяваць у баях усе тэрыторыі. Я мяркую, што гэтага можна дабіцца з дапамогай сродкаў дыпламатыі», – сказаў ён, дадаўшы, што ў той жа час паслабленне Расеі на полі бою паставіць Украіну ў мацнейшую пазіцыю за сталом перамоў.
Ад Вялікай Брытаніі, са слоў Зяленскага, Кіеў хацеў бы атрымаць дазвол на выкарыстанне пастаўленай Захадам зброі для ўдараў па тэрыторыі Расеі - без абмежаванняў па далёкасці.
«Мы проста хочам біць дакладна па тым пункце, з якога яны страляюць па нас», – заявіў ён.
Таксама Зяленскі паведаміў журналістам, што дапускае магчымасць пакінуць пасаду прэзідэнта: «Але толькі пасля заканчэння вайны».