BE RU EN

Bloomberg паведаміў пра апошнюю спробу Байдэна згуртаваць дэмакратаў

  • 21.07.2024, 16:18

Прэзідэнт ЗША паспрабуе пераканаць галоўных памагатых у сваёй магчымасці пераабрацца.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у гэтыя выходныя сустрэнецца са сваімі галоўнымі палітычнымі памагатымі, распачне «апошнюю адчайную спробу» выратаваць сваю выбарчую кампанію і паспрабуе пераканаць дэмакратаў, якія вагаюцца, у сваёй магчымасці пераабрацца, піша Bloomberg.

Агенцтва нагадвае, што пасля няўдалых дэбатаў з Дональдам Трампам рэйтынгі Байдэна застаюцца нізкімі, а ўсё больш донараў і высокапастаўленых палітыкаў Дэмакратычнай партыі патрабуюць, каб ён выйшаў з прэзідэнцкай гонкі. Заклікі дэмакратаў узмацніліся пасля таго, як Белы дом абвясціў, што 18 ліпеня Байдэн здаў станоўчы тэст на каранавірус, адзначае Bloomberg.

«Я мяркую, што прэзідэнт павінен закончыць сваю кампанію», – заявіў у пятніцу даўні хаўруснік прэзідэнта сенатар Шэрад Браўн, адзначыўшы, што партыя павінна засяродзіцца на ідэйных пытаннях кампаніі, уключаючы працоўныя месцы ў ЗША і права на аборт.

У той самы час найбліжэйшыя дарадцы Байдэна заяўляюць, што ягоны катэгарычны намер ісці на выбары толькі ўмацаваўся за апошнія дні. Так, віцэ-прэзідэнтка Камала Харыс нядаўна заявіла буйным спонсарам Дэмакратычнай партыі, што прэзідэнт «захаваў шлях да перамогі», піша Bloomberg. А старшыня кампаніі Джэніфер О'Мэлі Дылан у нядаўнім інтэрв'ю CBS сказала, што Байдэн «найлепшы чалавек, каб кінуць выклік Дональду Трампу».

Раскол сярод дэмакратаў рэзка кантрастуе са сцэнамі, якія разгарнуліся падчас нацыянальнага з'езду Рэспубліканскай партыі ў Мілуокі, дзе былыя спаборнікі ў партыі аб'ядналіся вакол Трампа, які прыняў афіцыйнае вылучэнне ад рэспубліканцаў на пасаду прэзідэнта, гаворыць агенцтва. Мерапрыемства прайшло пасля замаху на рэспубліканца на перадвыбарчым мітынгу ў Пенсільваніі, дзе той атрымаў агнястрэльнае раненне вуха.

«Я з нецярпеннем чакаю вяртання да перадвыбарнай кампаніі на наступным тыдні, каб прадоўжыць выкрываць пагрозу, якая ідзе ад праграмы Дональда Трампа “Праект 2025”, адначасова адстойваючы мой уласны паслужны спіс і бачанне Амерыкі», – сказаў сам Байдэн у пятніцу. Паводле словаў прэс-сакратара ягонай выбарчай кампаніі Кевіна Муньяса, дзейны прэзідэнт ЗША ведае, што «стаўкі на гэтых выбарах высокія», але да галасавання «яшчэ шмат дзён».

Выбары прэзідэнта ЗША пройдуць 5 лістапада. Дэмакратычная партыя павінна афіцыйна вылучыць свайго кандыдата на з'ездзе ў жніўні.

Апошнія навіны