ЗША ўпершыню выправілі ядзерныя бамбавікі ў Фінляндыю
- 21.07.2024, 16:43
Для вучэнняў на мяжы з Расеяй.
Амерыканскія міжкантынентальныя стратэгічныя бамбавікі ўпершыню правялі навучальны палёт у Фінляндыі на мяжы з Расеяй, паведамляе прэс-служба Сілаў абароны краіны.
«Два амерыканскія бамбавікі B-52 Stratofortress праляцелі ў паветранай прасторы Фінляндыі ў нядзелю, 21 ліпеня. Палёты былі часткай трэніровачных мерапрыемстваў. Бамбавікі падтрымліваліся трыма амерыканскімі самалётамі-запраўшчыкамі», – гаворыцца ў паведамленні ўстановы, размешчаным у сацыяльнай сетцы X.
Паводле звестак нарвежскай газеты The Barents Observer, самалёты B-52, накіроўваючыся на поўнач да Лапландыі, наблізіліся да Кольскага паўвострава настолькі блізка, наколькі гэта магчыма з паўднёва-заходняга боку. Там бамбавікі зрабілі кола і вярнуліся на поўдзень.
Пілоты самалётаў маглі бачыць амаль увесь паўвостраў, дзе размешчаны расейскія ракетныя падводныя лодкі, а таксама аэрадром «Алення», з якога звычайна ўзлятаюць стратэгічныя бамбавікі Ту-95МС для нанясення ўдараў па Украіне. Падчас палёту па тэрыторыі Фінляндыі амерыканскую авіяцыю суправаджала група F/A-18 ВПС краіны.
«Гэта нармальнае супрацоўніцтва, якое ажыццяўляецца на тэрыторыі краіны-чальца NATO, і яно дэманструе аснову агульнай абароны і стрымлівання», – пракаментаваў трэніровачныя палёты міністр абароны Фінляндыі Анці Хякянен.
У пачатку ліпеня парламент Фінляндыі ўхваліў пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне абароны і даў ЗША доступ да 15 ваенных аб'ектаў. Згодна з дамовай, ЗША змогуць размясціць на ўказаных аб'ектах сваіх вайскоўцаў і тэхніку. Фінскія ўлады бяруць на сябе гарантаванне бяспекі тых месцаў, якія будуць выкарыстоўваць амерыканцы.
Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне абароны дзве краіны падпісалі 18 снежня мінулага года. Паводле звестак Reuters, які азнаёміўся з пагадненнем, у ліку 15 аб'ектаў – чатыры авіябазы, ваенны порт і чыгунка на поўначы краіны. Склады для ваеннай маёмасці размесцяцца ўздоўж шляхоў, якія вядуць да расейскай мяжы.