NYT: Байдэн мяркуе, што Абама – лялькавод кампаніі супраць яго вылучэння
- 21.07.2024, 18:03
Прэзідэнт ЗША пакрыўджаны на Абаму яшчэ з 2016-га года.
Былы прэзідэнт ЗША Барак Абама, пры якім цяперашні кіраўнік дзяржавы Джо Байдэн быў віцэ-прэзідэнтам, цяпер нічога не робіць для таго, каб Байдэн застаўся ў прэзідэнцкай гонцы, чаму той пакрыўджаны на свайго папярэдніка, піша The New York Times (NYT) са спасылкай на крыніцы.
«Байдэн даволі доўга займаецца палітыкай, каб выказаць здагадку, што выцечкі, якія з'яўляюцца ў СМІ ў апошнія дні, каардынуюцца, каб узмацніць ціск на яго з мэтай адстаўкі, паводле словаў людзей з ягонага атачэння. Ён мяркуе, што чаліня палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пеласі, былая спікерка палаты, галоўная завадатарка [кампаніі], але таксама раздражнёны Абамам, бачачы ў ім закуліснага лялькавода», – піша газета.
Газета піша, што Байдэн «затаіў крыўду» на Абаму яшчэ з таго часу, як у 2016-м былы прэзідэнт адмовіў свайму віцэ-прэзідэнту балатавацца. Тады спаборніцай Дональда Трампа, які перамог на выбарах, ад дэмакратаў стала Хілары Клінтан.
Апошні раз былы і цяперашні прэзідэнт бачыліся на дабрачынным вечары з галівудскімі зоркамі для прываблівання фундатараў у рамках перадвыбарнай кампаніі 17 чэрвеня. Былы памочнік Абамы, які быў на вечары, адзначыў, што пасля гэтага мерапрыемства палітык, верагодна, зразумеў, як пастарэў Байдэн.
Удзел Пеласі ў кампаніі супраць вылучэння Байдэна, як піша газета, выяўляецца ў тым, што супраць кіраўніка дзяржавы выступілі некаторыя яе хаўруснікі ў кангрэсе, напрыклад, чаліня палаты прадстаўнікоў ад Каліфорніі Зоі Лонгфрэн (Пеласі таксама прадстаўляе гэты штат).
Сярод тых, чыёй пазіцыяй незадаволены Байдэн, таксама названы яшчэ адзін былы прэзідэнт Біл Клінтан. Дзейны кіраўнік дзяржавы крытыкаваў двух экс-прэзідэнтаў у прыватным парадку, мяркуючы, што яны вінаватыя ў паразах дэмакратаў на прамежкавых выбарах у 1994 і 2010 гадах, не могуць чытаць яму лекцыі, бо пры Байдэну такія самыя выбары ў 2022-м прайшлі больш паспяхова, чым чакалася. І калі Клінтан цяпер цісне на донараў, каб тыя рабілі ахвяраванні дэмакратам, то Абама – гэта «іншая гісторыя», адзначае NYT.
Паводле звестак The Washington Post, да заклікаў да Байдэна адмовіцца ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах далучыліся 37 дэмакратаў у кангрэсе з 263. Кампанія за выхад Байдэна набрала маштаб на фоне ягоных няўдалых дэбатаў з Трампам і замаху на апошняга. Байдэн пакуль заявіў, што прадаўжае прэзідэнцкую гонку. Аднак у апошнія дні яму давялося згарнуць публічную актыўнасць праз заражэнне COVID-19.